Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр можа вырасьці да 4500 рублёў?


Пасьля 2-га студзеня курс беларускага рубля заставаўся нязьменным – 2650 рублёў за адзін даляр. Як доўга ўдасца ўладам утрымліваць гэты валютны курс?

На сёньня Нацыянальны банк устанавіў тыя ж парамэтры: адзін даляр каштуе 2650 рублёў, а адзін эўра – 3703 рублі. Нацбанк абяцае трымаць зьмену курсаў валют у межах 5%. Ад 8 студзеня плянуецца таксама падвысіць стаўку рэфінансаваньня да 14% гадавых, што “павінна спрыяць стабільнасьці беларускага рубля і прытоку ўкладаў у банкі”. Ужо ў студзені ўлады мяркуюць павялічыць золатавалютныя рэзэрвы за кошт першай часткі крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, якая складзе больш за 800 мільёнаў даляраў.

Аднак незалежныя экспэрты прагназуюць, што дэвальвацыя беларускага рубля будзе працягвацца. Паводле дырэктара аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, у найбліжэйшыя дзесяць дзён даляр можа вырасьці да 3 тысячаў рублёў.

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук заявіў, што сёньняшні курс рубля адпавядае рынкаваму, які склаўся яшчэ ў сьнежні:

“Ён зьяўляецца не адказам на той крызыс, а проста канстатацыяй яго наяўнасьці. Калі ня будуць вырашаныя пытаньні, зьвязаныя з плацёжным балянсам, з выдаткамі дзяржавы, з выдаткамі прадпрыемстваў і банкаў, то, безумоўна, гэта толькі першая дэвальвацыя, якая пацягне іншыя і больш глыбокія. І курс да канца 2009 году можа быць на ўзроўні 4000-4500. Сёньня я яшчэ ня бачу адэкватных захадаў ураду на гэты стан. Грошай, якія даў МВФ, 800 мільёнаў даляраў, ня хопіць нават на месяц. Нас чакае велізарная цэнавая чахарда, нэрвовасьць і абсалютны туман наконт будучыні”.

Адмыслоўцы адзначаюць, што пасьля абвалу рубля ўрад фактычна маўчаў, нічога не тлумачыў грамадзянам і бізнэсу. А гэта стварае атмасфэру недаверу і падазронасьці наогул да дзяржаўнай эканамічнай палітыкі.

Паводле эканаміста Барыса Жалібы, абвалу беларускага рубля пакуль яшчэ не адбылося, але існуе яго небясьпека:

“Я думаю, што дэвальвацыя рубля будзе адбывацца і далей. І тое, што мы маем 2650 рублёў за даляр – гэта яшчэ толькі, на жаль, пачатак. Я думаю, беларускі рубель будзе зьніжацца і далей. І галоўная задача Нацыянальнага банку – каб гэта дэвальвацыя была як мага паступовай, не адразу. Будзем спадзявацца, што такога абвалу ня будзе.

Наступствы гэтага крызысу: як макраэканамічная заканамернасьць, гэта падштурхне інфляцыю. Відавочна, што фінансавы крызыс дайшоў да Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG