Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Эканамічныя сюрпрызы нагадваюць вайсковую апэрацыю"


Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка

Насталы год можа стацца надзвычай важным у вызначэньні далейшага кірунку разьвіцьця краіны. Так лічыць філёзаф Алесь Анціпенка, грамадзкі рэдактар Радыё Свабода цяперашняга тыдня.


Перадусім гэта будзе залежыць ад таго, на якія эканамічныя зьмены наважыцца беларускі ўрад і якія будуць наступствы фінансавай крызы для краіны. Але на кірунак разьвіцьця будуць таксама ўплываць і зьмены ў характары стасункаў з Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам, зьмены ў мэнтальнасьці самога беларускага грамадзтва, а таксама – у мэдыя-сфэры. Цягам тыдня у жывым ранішнім эфіры Алесь Анціпенка разам з вамі будзе разважаць на гэтыя тэмы.

Выглядае на тое, што эканамічныя праблемы будуць галоўнымі для большасьці беларусаў у 2009 годзе.

Навагодні сюрпрыз у выглядзе 20 адсоткавага абвалу беларускага рубля зьбянтэжыў. Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты – адна з умоваў Міжнароднага валютнага фонду для атрыманьня крэдыту гэтай паважнай арганізацыі. Так што урад нібыта тут і ні пры чым. Але праўда й тое, што МВФ крэдыту нам не навязваў. А калі да гэтага дадаць, што беларускі бок зь ня меншым імпэтам імкнуўся атрымаць яшчэ і расейскі крэдыт, значыць, справы ў эканоміцы ідуць зусім ня лепшым чынам.

Я камуністам ня быў, Леніна не люблю, а таму ў адрозьненьне ад правадыра сусьветнага пралетарыяту зусім ня радуюся з нагоды паўсталых эканамічных цяжкасьцяў і, адпаведна, паразы нашаму ўраду не жадаю. Разам з тым варта зьвярнуць увагу на дзіўную стылістыку стасункаў, якая апошнім часам даволі шырока практыкуецца ў эканамічнай сфэры. Маю на ўвазе непрыемныя эканамічныя сюрпрызы, а часам і брутальныя дзеяньні, за якімі ясна праглядаецца жаданьне шакаваць і агаломшыць, па меншай меры. Ёсьць у гэтым і нешта вераломнае, што нагадвае вайсковую апэрацыю, якая мае быць маланкава праведзеная. У такой манэры, напрыклад, “Газпрам” раней адлучаў газ Беларусі, а цяпер – і Украіне. Гэтак жа дзейнічаюць і нашыя ЖЭСы, якія без усялякага папярэджаньня могуць “адрэзаць сьвятло” ў вашай кватэры.

Вось і наш урад у той жа манеры давёў напаўсонным і празьмерна рэляксаваным беларусам пра дэвальвацыю рубля. Шоку не адбылося. Але і не прачнуцца да новай эканамічнай рэчаіснасьці будзе немажліва. Бо, як мінімум, на адну пятую частку зьменшыцца цягам года нашая пакупальніцкая здольнасьць. Проста калі ў вас быў 1 мільён рублёў, дык рэальна засталося ўжо толькі 800 тысячаў. І самае галоўнае: хто з нас уяўляе рэальныя маштабы эканамічных цяжкасьцяў у краіне? Іх, калі верыць беларускім афіцыйным мэдыям, 31 сьнежня 2008 году яшчэ не было. І тут раптам ніадкуль зьявіліся.

Значыць, час ілюзыяў скончыўся, і мы рушым у новую рэчаіснасьць і новую будучыню. Страты на гэтым шляху ўжо відавочныя. А якія здабыткі? Я не аптыміст, але ведаю, што разьвітаньне з ілюзыямі, урэшце рэшт, можа прывесьці да набыцьця новых мажлівасьцяў. На гэта і варта спадзявацца. А рэальныя маштабы эканамічных цяжкасьцяў, найверагодней, будуць бачныя ўжо праз некалькі месяцаў.

Перад краінай да таго ж стаіць цяжкая задача правядзеньня эканамічных рэформаў, неабходнасьць якіх штогод адкладалася праз датацыйныя кошты на расейскія энэрганосьбіты.

Старая эканамічная мадэль пачынае ўсё больш нагадваць гарбаты “запарожац”. Езьдзіць можна, але неяк непрыстойна. Пра камфорт і хуткаснасьць гаворка ўвогуле й не ідзе. Таму хацелася б, каб новая эканамічная сытуацыя ўсё ж паспрыяла шырокаму ўсьведамленьню неабходнасьці лібэральных рэформаў у краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG