Як паведаміў актывіст руху “Маладая Беларусь” Алесь Круткін, супрацоўнікаў міліцыі было 10 чалавек. Прыкладна столькі ж удзельнікаў акцыі меркавалі запаліць сьвечкі і зладзіць “жывы ланцуг”.
Некаторых актывістаў міліцыянты прасілі паказаць, што ў іх у сумках і ў заплечніках. Але адшуканыя партрэты зьніклых — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага — канфіскоўваць ня сталі.
Хлопцам і дзяўчатам супрацоўнікі міліцыі казалі, што акцыю праводзіць нельга, бо яна не дазволеная органамі ўлады. Звычайных мінакоў на пляц каля помніка Скарыну цягам паўгадзіны не прапускалі таксама. Урэшце моладзь мусіла разысьціся, бо міліцыянты запэўнілі, што акцыю салідарнасьці правесьці не дадуць ні ў якім выпадку.