У Менску а 19 гадзіне пачалася акцыя салідарнасьці каля кінатэатру "Масква", некалькі актывістаў кампаніі Эўрапейская Беларусь і незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” трымалі партрэты Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, Юрыя Захаранкі. Яны запалілі сьвечкі і сталі ланцугом на пляцоўцы перад уваходам у кінатэатар. А гадзіну раней каля кінатэатру "Беларусь" яны таксама зладзілі такую акцыю, але яшчэ расьцягнулі вялізную расьцяжку і на джынсавай сіняй стужцы павесілі партрэты зьніклых, а паміж імі паперы з тэкстам "Хто наступны?" Гэтую расьцяжку яны замацавалі паміж двух слупоў. На 19 гадзіну расьцяжка працягвала вісець ля кінатэатру. Людзі даволі прыхільна паставіліся да гэтай акцыі.
А 18 гадзіне актывісты руху "Маладая Беларусь" ладзілі акцыю на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Іх было 7 чалавек. Байцы спэцназу іх выдалілі з плошчы ў бок рэстарацыі "Журавінка", і яны прайшлі вуліцай Янкі Купалы з партрэтамі зьніклых.
А 14 гадзіне ў двары Белдзяржунівэрсытэту таксама прайшла акцыя салідарнасьці. Моладзевыя актывісты з руху "Маладая Беларусь" раздавалі студэнтам інфармацыйныя улёткі і партрэты зьніклых. Іх затрымалі і адвезьлі ў міліцыю. Артур Фінькевіч, Алег Кароль, Алесь Сьцепаненка, Валеры Саковіч і Сяргей Кастыленка знаходзіліся ў міліцыі Маскоўскага раёну. Пазьней, не складаючы пратаколаў, іх адпусьцілі.
А 17 гадзіне адбылася акцыя салідарнасьці ля кінатэатру "Кастрычнік". А ў 16 гадзінаў на плошчы Якуба Коласа яе ладзілі актывісты кампаніі "Эўрапейская Беларусь". Адзін хлопец быў затрыманы, пазьней яго адпусьцілі. Да акцыі далучыўся былы палітвязень Аляксандар Баразенка і іншыя актывісты. Пасьля 18 гадзіны міліцыянты не затрымалі ніводнага актывіста. Моладзевыя актывісты паведамілі "Свабодзе", што акцыі будуць адбывацца да 22 гадзіны ў розных гарадах Беларусі – Салігорску, Жодзіне, Слоніме, Барысаве, яны будуць прысьвечаныя тэме зьніклых.
Гучыць таксама патрабаваньне прызнаць палітвязьнямі 10 чалавек, якіх асудзілі ў "справе 14-ці", альбо каб іх апраўдалі і адмянілі ім пакараньне да 2 гадоў абмежаваньня волі, па сутнасьці хатні арышт.
У акцыі ўзяў удзел Аляксандар Баразенка