Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі судзяць псыхіятра за падпал


Сёньня ў Навабеліцкім судзе Гомеля распачата слуханьне крымінальнай справы аб падпалах. Трыццацігадовага лекара-псыхіятра абвінавачваюць у тым, што ён падпальваў у горадзе розныя гаспадарчыя пабудовы.

На юрыдычнай мове гэта называецца “наўмысным зьнішчэньнем маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам”.

Дзяржаўны абвінаваўца, намесьнік пракурора Навабеліцкага раёну спадар Крот, у прыватнасьці, агучыў у судзе, што лекар-псыхіятар вінаваты ў падпале безгаспадарнага дома, гаража, хлеўчука й нават міліцэйскай бронекамізэлькі. Маўляў, калі лекара затрымалі й везьлі ў пастарунак, ён цішком чыркаў запалкамі й праз вакенца ў міліцэйскім варанку кідаў іх у салён.
Ён цішком чыркаў запалкамі й праз вакенца ў міліцэйскім варанку кідаў іх у салён.
А там ляжала бронекамізэлька, і яна пацярпела ад агню. І толькі экстраныя дзеяньні кіроўцы нібыта ўратавалі ад большай бяды.

Маці абвінавачанага спадарыня Ганна ўсім абвінавачваньням супраць сына вельмі дзівіцца:

“Калі сьледчы прыходзіў дадому, ён зачытаў тры пункты падпалу й дзьве спробы падпалу. Ну, поўны падпальшчык! Але як сын падпальваў, хто бачыў — пра гэта сьледчы нічога не казаў. Потым, калі я напісала ў Адміністрацыю прэзыдэнта і адтуль маю скаргу пераслалі ў Гомель, то ўжо з суду мне паступіла ня пяць пунктаў абвінавачаньня, а толькі тры”.

Прыстойна апрануты малады чалавек інтэлігентнага выгляду, які знаходзіўся ў судовай залі ў жалезнай клетцы пад аховай ажно трох міліцыянтаў, абвінавачаньняў не прызнаў. Але даваць тлумачэньні пагадзіўся, нягледзячы на папярэджаньне судзьдзі Сяргея Новікава, што ягоныя словы могуць быць выкарыстаныя й супраць яго самога.

І высьветлілася цікавая дэталь. Лекар сапраўды курыць, але карыстаецца не запалкамі, а запальнічкай.

Дапыталі сёньня ў судзе й аднаго з пацярпелых — качагара мясцовай музычнай школы, жыхара вуліцы Галавачова Валянціна Невара. У яго сёлета 28 ліпеня згарэў самавольна пабудаваны драўляны хляўчук памерам 3 на 4 мэтры. А ў ім — ровары, сякера, рыдлёўка й сёе-тое яшчэ. Агулам нібыта на 1 мільён 205 тысяч рублёў.

Хто падпаліў хляўчук, пацярпелы ня ведае. Ведае толькі, што пажары ў іхнім мікрараёне былі. Абвінавачанага псыхіятра ён убачыў у судзе ўпершыню:

“Я яго ніколі ня бачыў — во першы раз бачу. Гаварылі толькі суседзі, што вось у нас тут жыве ўрач, які працуе ў псыхіятрычным шпіталі. Дык у яго хвароба такая, як яна называецца — піраманія, ці як? Дык вось ён спэцыяльна падпальвае.
Мабыць, гэта ён. І па гарадзкім радыё хтосьці чуў — паймалі ўжо таго, хто ўчыняў падпалы ў Навабеліцы.
Мабыць, гэта ён. І па гарадзкім радыё хтосьці чуў — паймалі ўжо таго, хто ўчыняў падпалы ў Навабеліцы. А хто і што ён… Сёньня толькі ўбачыў. Паглядзець — дык чалавек як чалавек”.

Лекар-псыхіятар Сяргей Трыфанаў, які выступіў у судзе сьведкам, ня верыць у датычнасьць да падпалаў звольненага цяпер са шпіталя калегі. У яго іншая праблема:

“Мой сябар залежны ад алькаголю, ёсьць у яго такая праблема. Нашая міліцыя ў людзях, якія ў нецьвярозым стане зьяўляюцца на вуліцы, бачыць ужо злачынцаў. Такое стаўленьне ў нейкай ступені апраўданае. Але ў выпадку з маім сябрам, як мне падаецца, хочуць сьпісаць справу на яго, закрыць хутчэй яе — і ўсё. Вельмі зручна на яго сьпісаць, бо ён у нецьвярозым стане, акурат побач зь месцам здарэньня.

Калі яго першы раз затрымалі 28 чэрвеня, то ніхто не казаў, што яго затрымалі за падпал. І другі раз яго затрымлівалі ў той жа дзень за тое, што быў у нецьвярозым стане. А цяпер на яго вешаюць падпалы”.

Адвакат абвінавачанага лекара Аляксандар Баранаў зьдзіўляецца, што ў крымінальнай справе няма рэчавых доказаў. Не праведзена нават экспэртыза бронекамізэлькі — можа яна загарэцца ад запалак ці не?

Спадар Баранаў хадайнічаў пра зьмену меры стрыманьня абвінавачанаму — з арышту на падпіску аб нявыезьдзе. Аднак суд адхіліў хадайніцтва.

Чарговае паседжаньне па справе абвінавачанага лекара-псыхіятра прызначана на 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG