Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: адступаць няма куды, пасьля Менску — толькі Бранск


Сёньня ў Гомелі індывідуальныя прадпрымальнікі Давыдаўскага рынку вырашылі далучыцца да рэспубліканскага Маршу прадпрымальнікаў. Гэта выклікана немагчымасьцю існаваньня малога бізнэсу ў новым годзе. Паводле ўказу, з 1 студзеня ўводзіцца новы парадак дэкляраваньня тавараў, якія ўвозіцца ў Беларусь.

Каб неяк зьвярнуць увагу уладаў на свае праблемы, прадпрымальнікі лічаць найбольш дзейсным крокам нявыплату падаткаў. Пра гэта казаў і запрошаны на Давыдаўскі рынак актывіст прадпрымальніцкага руху, старшыня рады прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Аляксандар Рубчэня.

Ён таксама паінфармаваў калегаў пра акцыю пратэсту прадпрымальнікаў у Менску ў зьвязку з новаўвядзеньнямі ўладаў:

“15 сьнежня Менскі гарвыканкам дазволіў правядзеньне Маршу прадпрымальнікаў, дзе будуць вылучаны патрабаваньні: пакінуць адзіны падатак на дадатковую вартасьць, адмяніць мытнае афармленьне тавару з тым, каб быў свабодны ўвоз з трэціх краінаў і з Расейскай Фэдэрацыі.

І каб вярнулі нам наёмных работнікаў. Гэта таксама вялікая армія, якая засталася цяпер бяз працы.

Я нікога не агітую — ехаць на марш альбо ня ехаць. У кожнага павінна быць свая грамадзянская пазыцыя. І вы самі думайце, як вам надалей жыць. Захочаце падтрымаць марш — падтрымайце. Ніхто вас больш, як кажуць, за шкварнік цягнуць ня будзе”.

Некаторыя прадпрымальнікі лічаць сапраўдным шкодніцтвам новыя, яшчэ больш жорсткія, умовы працы ў новым годзе.

Прадпрымальніца зь вялікім стажам
: “На такіх працаваць умовах, пра якія, калі зьбіралі, нам казалі прадстаўнікі мытні, падатковай інспэкцыі, — немагчыма. Я лічу, што шкоднікі сядзяць нават там, ля Лукашэнкі”.

Прадпрымальніца Сьвятлана: “Паедзем у Менск свае інтарэсы адстойваць. Мы й 10 сьнежня не працавалі”.

У шэрагу прадпрымальнікаў Давыдаўскага рынку ёсьць сур’ёзны намер згарнуць у Гомелі свой бізнэс і ехаць працаваць у суседнюю Бранскую вобласьць Расеі:

“Мая сястра гандлюе ў Навазыбкаве й Клінцах. Там падатак і плата за месца мізэрныя. Падатак у пераводзе на нашыя беларускія грошы — 60 тысяч рублёў. У нас — 600 тысяч. Гэта толькі адзін падатак. А яшчэ — 250 тысяч за месца, ліцэнзія, сертыфікат, адлічэньні ў фонд сацыяльнага страхаваньня.

У выніку мы плацім дзяржаве ў эквіваленце 500 даляраў на месяц. Гэта бяз новага мытнага збору”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG