Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі цэлымі аўтобусамі зьбіраюцца на Менск


Да Маршу прадпрымальнікаў рыхтуюцца і на Гомельшчыне. Гандляры абураны ўвядзеньнем з 1 студзеня новага парадку ўвозу тавараў на тэрыторыю Беларусі. Яны лічаць, што ў новых умовах могуць наогул страціць свой бізнэс і застацца бяз сродкаў да існаваньня.

Прадпрымальнік з Рагачова Ўладзімер Тамковіч успамінае ў сувязі з гэтым нядаўні страйк:

“Нейкай асаблівай падрыхтоўкі для таго, каб адбыўся папераджальны страйк, не праводзілася. Інфармацыя лунае ў паветры. Людзі стыхійна ня выйшлі на працу. Ніхто нікога не прымушаў, не агітаваў.

15 сьнежня многія зьбіраюцца ехаць у Менск, каб удзельнічаць у Маршы прадпрымальнікаў. Падрыхтаваны ўжо транспарт. Людзі адчуваюць небясьпеку свайго становішча. Калі зараз рэзка зьменяць умовы працы, да якіх не падрыхтаваныя ні ўлады, ні мы, гэта прывядзе да таго, што людзі будуць проста выкінутыя на вуліцу“.

Дамагацца працягу цяперашніх умоваў працы і вяртаньня найманых работнікаў наважаны й прадпрымальнікі Рэчыцы.

Адзін зь лідэраў руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алег Шабетнік так пракамэнтаваў сытуацыю:

“Гэтыя новыя ўмовы, паводле якіх нам прапаноўваюць жыць, непрымальныя. Калі нашыя ўмовы ня будуць прынятыя да 25 сьнежня, то мы ня будзем плаціць падатак, арэндную плату і з 1 студзеня не выходзім на працу.

Па-другое, зьбіраемся ехаць у Менск для ўдзелу ў “Маршы прадпрымальнікаў”. І ахвотных паехаць шмат“.

Сьветлагорскія прадпрымальнікі, як і рэчыцкія, 10 сьнежня таксама страйкавалі. Тут цяпер замаўляюць аўтобусы, каб падтрымаць рэспубліканскую акцыю пратэсту дробных бізнэсоўцаў.

Распавядае старшыня каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў краіны Анатоль Зьмітровіч, які жыве й працуе ў Сьветлагорску:

Тыя падачкі — забралі карыта, аддалі карыта — нас не задавальняюць!
“Прадпрымальнікі па пяцьдзясят чалавек замаўляюць цэлыя аўтобусы, каб ехаць у Менск. Мы прапануем карэнным чынам зьмяніць стаўленьне да малога бізнэсу. Тыя падачкі — забралі карыта, аддалі карыта — нас не задавальняюць! Трэба прыняць адмысловы закон пра малы бізнэс і не мяняць яго цягам пяці гадоў, вярнуць найманых работнікаў. Людзей скарачаюць на прадпрыемствах у нікуды. Мы гатовыя ўзяць да сябе ў студзені ў краіне ня менш як 80 тысяч чалавек. Неабходна таксама скасаваць ліцэнзаваньне розьнічнага гандлю. Гэта абсурд! Нідзе розьнічны гандаль не ліцэнзуецца.

І, вядома, зьменшыць штрафныя санкцыі за неістотныя парушэньні, якія не наносяць шкоды дзяржаве“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG