Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка: ва ўраду яшчэ ёсьць шанец


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

“Калі будзе падпісаны дакумэнт, што для прадпрымальнікаў захоўваюцца ранейшыя ўмовы ўвозу тавараў з Расеі ў Беларусь, то мы марш праводзіць ня будзем”.


Сёньня, 12 сьнежня, старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка распавёў нашаму радыё пра падрыхтоўку да маршу і мітынгу прадпрымальнікаў, што заплянаваныя на 15 сьнежня. Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць новых умоў працы, якія ўлады зьбіраюцца ўвесьці для іх з 1-га студзеня.

10 сьнежня намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур паведаміў пра нібыта падрыхтаваны праект указа прэзыдэнта, які захавае цяперашні парадак працы прадпрымальнікаў яшчэ на два гады. Мінае, аднак, трэці дзень, як прагучалі гэтыя абяцаньні. Анатоль Шумчанка лічыць іх беспадстаўнымі:

“У адказ на словы Андрэя Тура мы правялі хуткую тлумачальную кампанію. Інфармавалі прадпрымальнікаў, што гэта ўсяго толькі прапановы, якія зробленыя невядома зь якой прычыны. На жаль, многія прадпрымальнікі ўспрынялі гэта як зробленую ўжо справу. Насамрэч гэта ўсяго толькі прапановы, і яны пакуль далёкія ад рэалізацыі”.

Анатоль Шумчанка нагадвае, што Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне ў сталіцы 15 сьнежня маршу і мітынгу прадпрымальнікаў. Удзельнікам гэтых акцыяў дазволена сабрацца да 13:00 на пляцоўцы ля будынку прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пасьля адбудзецца шэсьце па вулічных ходніках “без стварэньня перашкодаў для пешаходаў і транспартнага руху” па маршруце: праспэкт Незалежнасьці — вуліца Сурганава — плошча Бангалор.

Плянуецца, што ад 14:45 да 16:00 у парку Дружбы народаў адбудзецца мітынг.

Што можа парушыць гэтыя намеры?

Анатоль Шумчанка: Сёньня яшчэ ёсьць час, і ва ўраду застаецца шанец. Тым больш, што раней адпаведную заяву зрабіў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, што тэрмін ільготнага рэжыму можа быць падоўжаны.

Мы заклікаем урад зрабіць канкрэтную справу. Калі будзе падпісаны дакумэнт, што для прадпрымальнікаў захоўваюцца ранейшыя ўмовы ўвозу тавараў з Расеі ў Беларусь, то мы, як раней абяцалі, марш праводзіць ня будзем. Але шанцаў на гэта практычна не застаецца. Марш, як я мяркую, адбудзецца“.



Сваёй акцыяй прадпрымальнікі пратэстуюць супраць новых умоў, якія складуцца пасьля 1 студзеня. У гэты дзень спыняецца дзеяньне пункту 3 указу № 285 “Аб некаторых мерах па ўрэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці”. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам ІП, якія плацяць адзіны падатак, могуць пакуль не падаваць дакумэнты на тавар, увезены імі з Расеі, і выплачваць падатак на дададзеную вартасьць у фіксаванай суме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG