Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі могуць спыніць выплату падаткаў


Віктар Гарбачоў
Віктар Гарбачоў
Прадпрымальнікі гатовыя перайсьці да новых сродкаў барацьбы за свае правы. У прыватнасьці, яны могуць спыніць выплату падаткаў, а таксама — арэнднай платы. Пра гэта сёньня заявіў старшыня аргкамітэту па стварэньні грамадзкай арганізацыі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў.

Віктар Гарбачоў паведаміў: прадпрымальнікі чакаюць ад ураду да 28 сьнежня выразнага і дакладнага тлумачэньня, як яны будуць працаваць у 2009 годзе. У залежнасьці ад адказу будуць рабіцца адпаведныя захады:

“Сёньня ва ўсіх рэгіёнах, а ўчора ў Рэчыцы, Бабруйску, Салігорску ды іншых рэгіёнах, дзе праходзілі сустрэчы з чыноўнікамі, прадпрымальнікі афіцыйна заявілі: калі да 28 сьнежня ня будуць ясна сфармуляваныя ўмовы працы з Новага году, то ня будуць выплачвацца адзіны падатак, падатак на дададзеную вартасьць, арэнда ня будзе выплачвацца. Прадпрымальнікі пойдуць у бестэрміновы страйк”.

Учорашнія абяцаньні намесьніка міністра эканомікі Беларусі Андрэя Тура пайсьці на саступкі прадпрымальнікам удзельнікі канфэрэнцыі ацанілі як ”невялічкае паслабленьне лейцаў”. Але адных словаў прадпрымальнікам мала — яны чакаюць канкрэтных дакумэнтаў.

А пакуль яны будуць выпраўляць сытуацыю. Па-першае, учорашні страйк паказаў: самыя слабыя месцы — гэта Менск і буйныя гарады. І наадварот, на пярэдні плян барацьбы за правы выходзяць рэгіёны. Віктар Гарбачоў патлумачыў, чаму адбываецца менавіта так:

“Людзі ў рэгіёнах клапоцяцца пра працу, бо там няма, як у Менску, вялікіх
У рэгіёнах людзі настроеныя вельмі рашуча.
прадпрыемстваў. Таму ў рэгіёнах людзі настроеныя вельмі рашуча”.

І другое: прадпрымальнікі падрыхтавалі свой законапраект аб разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу. Раней яны перадалі гэты дакумэнт у Палату прадстаўнікоў, спрабавалі весьці там перамовы. Новы варыянт закону, які цяпер “чысьціцца”, прадпрымальнікі панясуць адразу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Як сказаў прадпрымальнік Мікалай Пахабаў, “зноў вяртацца ў „палатку“ — толькі марнаваць час. Гэтым дэпутатам як скажуць, так яны і прагаласуюць”.

Спадар Пахабаў выказаў і стаўленьне да акцыі, якую зьбіраюцца праводзіць 15 сьнежня:

“Мы канкрэтна кажам, што падтрымліваем акцыю 15 сьнежня. Бо мы не падзяляемся на “лепшых” і ”горшых”.

А Віктар Гарбачоў дадаў: калі заяўнікі акцыі 15 сьнежня адмовяцца яе праводзіць, то ў такім выпадку прадпрымальнікі ў кожным рэгіёне будуць самастойна вырашаць, што ім рабіць.

Прадпрымальнікі спрагназавалі: імпартных рэчаў у Беларусь будзе даходзіць усё менш. А гэта прывядзе да вяртаньня такіх ужо падзабытых людзей, як фарцоўшчыкі. Паболее ў краіне, перакананыя прадпрымальнікі, і валютчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG