Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Дэклярацыя правоў чалавека сапраўды ўсеагульная?


Пасьля заканчэньня Другой Сусьветнай вайны міжнародная грамадзкасьць адчула, што насьпела патрэба пацьвердзіць фундамэнтальныя правы чалавека ў адным міжнародным дакумэнце.


На той час некаторыя краіны, такія як Францыя і ЗША, ужо мелі свае нацыянальныя хартыі правоў чалавека. Але першым дакумэнтам, які перакрочыў дзяржаўныя межы і ахапіў усе дзяржавы, што належалі да ААН, сталася Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека, прынятая на паседжаньні Генэральнай Асамблеі ААН у Парыжы 60 гадоў таму.

Беларуская ССР, якая зьяўлялася паўнапраўным членам ААН у той час, устрымалася ў галасаваньні над дэклярацыяй.

Сам дакумэнт складаецца з 30 артыкулаў, у якіх выкладзены такія асноўныя правы і свабоды чалавека, як свабода выказваньня і рэлігіі ці права на адукацыю, працу і жыцьцё бяз рабства і эксплюатацыі.

Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека не зьяўляецца юрыдычным актам — гэта значыць, дакумэнтам абавязковым для выкананьня — а ўсяго толькі дэклярацыяй. Кажучы канкрэтна, ніякі суд на сьвеце ня прыме справы, у якой чалавек скардзіцца, што яго краіна не забясьпечвае яму права на працу.

Аднак дэклярацыя дае вызначэньні такіх паняцьцяў як "асноўныя свабоды" і "правы чалавека", якія згадваюцца ў Хартыі ААН — дакумэнце, які абавязвае ўсіх членаў ААН. Таму дэклярацыю звычайна трактуюць як неаддзельную частку міжнароднага права.

Гэткага погляду прытрымліваецца і брытанскі юрыст-экспэрт у пытаньнях правоў чалавека Біл Боўрынг, які сказаў нашаму радыё:

"Хоць гэта і не абавязковае для выкананьня пагадненьне, тым ня менш яно лічыцца адлюстраваньнем міжнароднага звычаёвага права, якое абавязвае ўсе дзяржавы. Усе пагадненьні аб правах чалавека, што ўзьніклі з таго часу — аб выкараненьні дыскрымінацыі жанчын і расавай дыскрымінацыі ці аб правах дзяцей — абапіраліся на Ўсеагульнай дэклярацыі. Яна — аснова".

Але аказваецца — што не для ўсіх. Вось некаторыя мусульманскія краіны, такія як Саудаўская Арабія, Іран, Пакістан і Аўганістан, штораз больш увагі надаюць шарыяту — мусульманскаму звычаёваму праву, якое ў некаторых пытаньнях ідзе ўразрэз з Усеагульнай дэклярацыяй.

Нашаму радыё распавяла сваю гісторыю Сабаціна (псэўданім), жанчына з Пакістану, якая выйшла замуж у Аўстрыі і перайшла ў хрысьціянства. Яе бацька прыгразіў ёй, што калі яна ня вернецца ў іслам, яе заб’юць.

Цяпер жанчына хаваецца пад іншым прозьвішчам у Нямеччыне, таму што аўстрыйскія ўлады, замест каб дапамагчы ёй, параілі ёй вярнуцца назад у іслам. Дык вось аказваецца, што ў эўрапейскай краіне ў ХХІ стагодзьдзі ўлады ня ў змозе абараніць права чалавека на свабоднае вызнаваньне рэлігіі і на зьмену рэлігіі.

Канфлікты паміж эўрапейскім бачаньнем правоў чалавека і мусульманскім звычаёвым правам узьнікаюць у Эўропе штораз часьцей, асабліва ў краінах, дзе мусульманскія супольнасьці складаюць заўважны адсотак насельніцтва, як напрыклад у Францыі, Нямеччыне і Вялікабрытаніі.

Сабаціна кажа:

"Нам трэба казаць мусульманам, калі яны прыяжджаюць у эўрапейскія краіны: "Мы задаволеныя, што вы тут, мы вас любім, але мы маем свае правілы і вам лепш выконваць гэтыя правілы, калі ня хочаце вярнуцца назад". Гэта не расізм. Гэта абарона правоў чалавека".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG