“GARADzKIJA” даўно не выступалі ў Беларусі — усё больш па гастролях — толькі што вярнуліся з Варшавы і Ўроцлава. Ну а ”TLUSTA LUSTA” — пераможцы музычных фэстаў “Басовішча” і ”Амбасовішча”. Зь лідэрам “Гарадзкіх” Пітам Паўлавым перад самым пачаткам канцэрту гутарыла Іна Студзінская.
Карэспандэнтка: “Што новага будзе на канцэрце, хто новы прыйшоў у калектыў?”
Паўлаў: “Зьмяніўся ўвесь склад калектыву, усе музыкі зьмяніліся, ніводнага старога не засталося…”
Карэспандэнтка: “Акрамя вас…”
Паўлаў: (сьмяецца) “Так, зьмяніўся ўвесь склад. Для прыхільнікаў нашай творчасьці гэта ўжо цікава, як загучаць GARADzKIJA ў гэтым складзе. На мой погляд, ніколі GARADzKIJA не гучалі так блізка да таго, як гэта запісана на кружэлцы”.
Карэспандэнтка: “Піт, а дзе вы знаходзіце таленты?”
Паўлаў: “Таленты я звычайна „рэкрутую“ сярод сваіх знаёмых, вучняў. Я іх рыхтую для ўсіх астатніх. Празь мяне калі яны праходзяць, могуць граць дзе заўгодна”.
Карэспандэнтка: “Хросны вы бацька… А не шкада адпускаць ад сябе?”
Паўлаў: “Вельмі шкада. Але так павялося. Ёсьць больш пасьпяховыя камэрцыйна калектывы. Я не магу ўсіх узяць у „N. R. M.“, напрыклад. А ў маіх калектывах ня так шмат грошай. Таму мае музыкі даволі часта сыходзяць у калектывы, дзе больш грошай можна зарабіць”.
Карэспандэнтка: “Новы склад — зразумела. А ў праграме штосьці новае будзе?”
Паўлаў: “Будзе крышачку новых песень, будуць і старыя. Будзе даволі моцная відовішчная праграма”.
Карэспандэнтка: “А чаму вы ў такім дзіўным альянсе з навічкамі выступаеце?”
Паўлаў: “Мы падтрымліваем малады калектыў, які нам вельмі спадабаўся. Гэта адзіная магчымасьць у TLUSTA LUSTA паказаць сваю новую кружэлку. І наагул, мне падабаецца граць з новымі калектывамі”.