Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы, як нацыя, не засвоілі ўрокі гісторыі. Адсюль і беды”


Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. У пачатку 1990-х гадоў ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча, публікацыі на іншыя тэмы сталіся нагодай стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў.


У 2004 годзе спадар Старыкевіч і ягоная газэта"Салідарнасьць" былі першымі ляўрэатамі ўзнагароды Швэдзкага ПЭН-цэнтра "За ўклад у забесьпячэньне свабоды слова", а ў 2006-м атрымалі прэмію “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”.

Аляксандар Старыкевіч – адзін з кіраўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Цягам тыдня ён камэнтаваў актуальныя падзеі, сярод якіх асоба вылучыў інтэрвію кіраўніка дзяржавы журналістам газэты «Financial Time”:

– Аляксандар Лукашэнка ня згадваў пра нашага калегу Зьмітра Завадзкага шмат гадоў. І вось прагучала чарговая ягоная заява на гэты конт.

Цытата:

“Дзіма Завадзкі зьяўляецца найвялікшай ранай для мяне, як для прэзыдэнта. Ён быў сумленны і прыстойны чалавек, які наагул ня меў сувязяў з палітыкай. Суд вынес вэрдыкт у гэтай крымінальнай справе. І чалавек за выкраданьне асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Але для мяне больш важна знайсьці яго, або калі ён мёртвы – ягонае цела”.

Гэта адказ на пытаньне газэты "Financial Time” – інтэрвію з Лукашэнкам яна надрукавала толькі што. І вось чамусьці раптам у Лукашэнкі ўзьнікае сумнеў у тым, што суд быў справядлівым і асудзілі таго, каго трэба…

Чаму ён наагул дапускае магчымасьць, што Зьміцер Завадзкі жывы, і тым больш чаму ў гэтым выпадку ён зьбіраецца прасіць у яго прабачэньня на каленях? За што?”

Вось чаму Аляксандар Старыкевіч замовіў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Чаго вартыя новыя “шкадаваньні” Аляксандра Лукашэнкі пра зьнікненьне Зьміцера Завадзкага”

Павал Шарамет: “Дзякуючы прэзыдэнцкаму асабістаму кантролю мы і ня ведаем дагэтуль праўды”

Паводле дадзеных ААН, ад 1980 году было зарэгістравана каля 50 тысяч гвалтоўных зьнікненьняў людзей у больш як 90 краінах. У апошнім часе ў тэрміналёгіі паявіліся новыя фармулёўкі: палітычнае зьнікненьне й гвалтоўнае выкраданьне.

Нядаўна Генэральная Асамблея ААН прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Упершыню ў гісторыі паявіўся міжнародны дакумэнт, які абавязвае ўрады ўключаць выкраданьні людзей у разрад злачынстваў, а таксама гарантаваць судовае расьсьледаваньне й пакараньне віноўных. Канвэнцыя ставіць па-за законам сакрэтнае ўтрыманьне пад вартай, патрабуе паведамляць сваякам і адвакатам аб месцазнаходжаньні затрыманых і прычынах іх затрыманьня. Беларусь Канвэнцыі не падпісала.
“Яна не актуальная для Беларусі”, – заявіла на канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку намесьніца кіраўніка Прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч.

Дарэчы, падчас шматлікіх прэсавых канфэрэнцый кіраўнікі КДБ і МУС адмаўляліся называць зьнікненьне апанэнтаў кіраўніка дзяржавы палітычна матываванымі выкраданьнямі. Яны спасылаліся на статыстыку, згодна зь якой у Беларусі зьніклі некалькі тысяч чалавек.

Зьміцера Завадзкага ня стала 7 ліпеня 2000 года, праз год пасьля зьнікненьня Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага. У той дзень зранку ён прыехаў на аўтамабілі ў аэрапорт Мінск-2, паставіў машыну на стаянку, зайшоў у залю прылётаў... Але Паўла Шарамета не сустрэў. І больш яго ніхто ня бачыў і ня чуў.

Паводле заявы жонкі Зьміцера Сьвятланы Завадзкай, праваахоўныя органы ўзбудзілі тады крымінальную справу з фармулёўкай “наўмыснае забойства”. 4 сакавіка 2002 году чатыры чалавекі былі асуджаныя на працяглыя турэмныя тэрміны за выкраданьне Завадзкага (але не за забойства, бо цела не знайшлі) на падставе, сярод іншага, сапёрнай рыдлёўкі з крывёй Завадзкага, знойдзенай у аўтамабііе Ігнатовіча, былога міліцыянта-“алмазаўца”. Паводле абвінавачаньня, матывам злачынства Ігнатовіча і ягонай банды была помста Завадзкаму, бо Зьміцер публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку паўстанцаў. Асуджаныя сваю віну не прызналі.

Сваякі і родныя Зьмітра Завадзкага лічаць, што ягонае зьнікненьне мае палітычныя прычыны і стаіць у адным шэрагу са зьнікненьнем Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі.

На думку праваабаронцы і журналіста Валерыя Шчукіна, “шкадаваньні” аб лёсе Зьмітра Завадзкага, выказаныя Аляксандрам Лукашэнкам – звыклы для таго папулісцкі ход:

“Кракадзілавы сьлёзы – ня болей за тое. Спроба здавацца добрым. Зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні”...

На погляд Валерыя Шчукіна, расьсьледаваньню дапамог бы асабісты кантроль прэзыдэнта:

“Узяць расьсьледаваньне пад асабісты кантроль ён мусіў. Гэта ж рэгулярна адбываецца час ад часу! Але ён пракурорамі займаецца, судзьдзямі, уся віна якіх – што яны дачу сабе пабудавалі лепшую за ягоную. А хто калі чуў, каб ён справу Завадзкага пад асабісты кантроль узяў замест шкадаваньняў”?

Супрацьлеглае меркаваньне мае Павал Шарамет, калега і сябра Зьмітра Завадзкага:

“Калі б гэтая справа не знаходзілася пад яго асабістым кантролем, Паўлючэнку б не выпусьцілі з турмы, а Шэймана арыштавалі б. Ён заўсёды ўважліва сачыў за тым, што адбываецца вакол справы ня толькі Зьмітра Завадзкага, але і спраў Ганчара, Захаранкі, Красоўскага... Дзякуючы гэтаму прэзыдэнцкаму асабістаму кантролю мы і ня ведаем дагэтуль праўды”...

А што да прэзыдэнцкіх шкадаваньняў, то гэта ўсяго толькі словы – пустыя, на погляд Паўла Шарамета:

“У прэзыдэнта Лукашэнкі паміж словамі і справамі дыстанцыя ня проста вялізнага, а папросту фантастычнага памеру. Усе ягоныя словы пра шкадаваньне аб лёсе Зьмітра Завыадзкага папросту нічога ня вартыя. Больш за тое – ён пакрывае тых, хто падазраецца ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага й іншых знакамітых людзей Беларусі”.

Уладзімер Дзюба, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, мяркуе, што наагул не ў шкадаваньні ці нешкадаваньні справа. Сутнасьць таго, што адбывалася і адбываецца, значна глыбейшая:

– Насамрэч мы бачым беспакаранасьць за ўсё тыя злачынствы, якія адбыліся ў дачыненьні да палітыкаў, якія мелі мужнасьць крытыкаваць сёньняшнюю ўладу. Гэткія мяккія выказваньні – на жаль, не знайшлі, мы ня ведаем, выказваньні ледзь не спачуваньня – гэта спроба проста замаскіраваць зьвярыны выскал той сыстэмы, якая сёньня існуе. Ахвярамі гэтага зьвярынага выскалу стаў ня толькі Зьміцер – гэта і Віктар Ганчар, і Анатоль Красоўскі, Юры Захаранка. Дагэтуль ня знойдзены забойцы нашай калегі Веранікі Чаркасавай”...

Камэнтуе Аляксандар Старыкевіч:

Дзяржава ў нас звычайна выказвае шкадаваньне ці спачуваньне тады, калі адчувае сябе вінаватай. І спрабуе захаваць твар.

Так было, прыкладам, у гісторыі зь Нямігай. Калі праваахоўныя органы ня здолелі забясьпечыць парадак і загінулі паўсотні людзей. Так і ў сытуацыі з Завадзкім.

Відавочна, што нават калі не было наўпроставага загаду ад уладаў на зьнішчэньне Зьмітра, то ягоная сьмерць ёсьць ускосным вынікам стварэньня “эскадронаў сьмерці”. Яны дзейнічалі ў нашай краіне напрыканцы 1990-х.

Таму адказнасьць за тое, што здарылася, у любым выпадку на ўладзе. І ніякімі шкадаваньнямі тут справе не дапаможаш.

Ірына Красоўская: “Падзеі 1999-2000 гадоў адбыліся на ўзроўні дзяржавы. Ня думаю, што бязь ведама яе кіраўніка…”

У інтэрвію газэце "Financial Times” Аляксандар Лукашэнка мусіў выказацца пра Зьмітра Завадзкага, аднак ні словам не згадаў ніводнага зь іншых зьніклых: ні Юрыя Захаранку, ні Віктара Ганчара, ні Анатоля Красоўскага, лёс якіх таксама невядомы.

Між тым Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы яшчэ напярэдадні пятай гадавіны зьнікненьня Юр’я Захаранкі ўхваліла даклад “Зьніклыя людзі ў Беларусі” і прыняла адпаведную рэзалюцыю. Там афіцыйна пацьверджана:

– вышэйшыя службовыя асобы Беларусі падазраюцца ў дачыненьні да зьнікненьняў, і гэтаму ёсьць доказы;

– неабходна рабіць жорсткія дзеяньні да ўстанаўленьня ісьціны ў справе выкрадзеных, Эўропа павінна дапамагчы Беларусі зьмяніць сытуацыю і вярнуцца да цывілізаванага жыцьця.

Эўрапарлямэнтары запатрабавалі адхіленьня ад пасад Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

І паступова гэтыя людзі пачалі губляць свае намэнклятурныя пазыцыі. Аднак руху афіцыйнага Менску ў пошуку праўды аб зьніклых няма. Калі днямі заходнія журналісты паднялі гэтую праблему, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу толькі на Зьміцеры Завадзкім. Чаму ж ён ня выказаў афіцыйнага “шкадаваньня” адносна іншых вядомых усёй краі не людзей? Ці не крыўдуюць ягоныя публічныя выказваньні сваякоў астатніх зьніклых?

Сям'я самага першага зьніклага – экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, якога выкралі 7 траўня 1999 году, даўно жыве ў Нямеччыне. Маці – Ульяна Рыгораўна – у Васілевічах на Гомельшчыне. Яна дагэтуль плача па сыне і вельмі пакрыўджаная на кіраўніка дзяржавы за тыя абразы, якія Лукашэнка выказваў на адрас Юрыя Захаранкі:

“Ой, Божа мой, ой міленькі...Ні сказаць, ні перадаць, як цяжка. Прайшло столькі гадоў, і куды яны іх падзелі, што яны зь імі зрабілі? Ды сын жа нічога ня браў, ня краў, ды ў мяне ж нічога няма, акрамя вясковага ламачча. Дык ён жа ганьбіў сына, што ён абакраў яго. А што ён краў, калі ні ў сям’і, ні ў мяне нічога няма? Дзе ж яно тады падзелася, калі ні ў каго нічога няма? Я плачу дзень і ноч, я пакою ня бачу”.

Ульяна Рыгораўна распавяла, што ўнучкі і нявестка вымушаныя цяжка працаваць ў Нямеччыне: яны даглядаюць хворых, каб зарабіць на жыцьцё.

Ірына Красоўкая – жонка бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага, які зьнік разам зь Віктарам Ганчаром 16 верасьня 1999 году. Жыве зараз у Вашынгтоне. Цікавіцца падзеямі ў Беларусі, і, натуральна, заўважыла чарговыя выказваньні Лукашэнкі. Пытаюся ў спадарыні Ірыны, ці былі ў яе нейкія размовы з кіраўніцтвам Беларусі наконт зьніклага мужа:

“Не, нічога не было. Ніякіх гутарак, ніякіх размоваў”.

Карэспандэнтка: “Спадарыня Ірына, а тое, што кіраўнік краіны толькі аднаго з усіх зьніклых узгадвае, гэта не абурае, ня крыўдзіць?”

“Я ўжо даўно не абураюся. І не крыўдую на Лукашэнку, таму што ён хворы чалавек. Я наагул не разумею, што мы павінны ад яго чакаць – што ён будзе спачуваць, што будзе гэтыя справы расьсьледаваць? Не, ніхто ня будзе гэтага рабіць, таму што тое, што адбылося ў 1999-2000 годзе, было зроблена на ўзроўні дзяржавы. Ня думаю, што бязь ведама яе кіраўніка. Пра гэта сказана ў дакладзе Рады Эўропы, які называецца “Зьніклыя людзі ў Беларусі”. Я думаю, што ён зноў нядаўна выказаўся, што гэта яго боль – гэта ўсё лухта, гэта не адпавядае таму, што ёсьць на самой справе. І як ён нічога не рабіў, каб паказаць нейкую праўду, так ён і ня будзе нічога рабіць. А тое, што ён сказаў – проста трэба было адказаць на пытаньне, вось і ўсё. Гэта не значыць, што ён думае, спачувае”.

Камэнтуе Аляксандар Старыкевіч:

Рызыкну агучыць такое меркаваньне. Лукашэнка не шкадуе ні Ганчара з Захаранкам, ні Завадзкага – нікога наагул.

Але!

Ён у нейкай мінімальнай ступені ўсё ж улічвае грамадзкую думку. І ў гэтым сэнсе асоба Дзімы для яго найбольш невыгодная. Просты хлопец, журналіст – за што яго забілі?

Калі ж гутарка ішла пра забойствы палітыкаў, абсалютная большасьць грамадзтва ўспрымала гэта абыякава: ну там пасварыліся паны – і хай сабе!

З Завадзкім іншае. Ён такі, як гэтая самая абсалютная большасьць. Натуральна, што гэта ня выклікала ніякага вялізнага абурэньня ў народу. Але ўсё ж Лукашэнка палічыў неабходным правесьці мяжу паміж Завадзкім ды іншымі палітычнымі зьніклымі. Але гэтая мяжа выключна піяраўская. На маю думку.

Сьвятлана Завадзкая: “Усе ягоныя “шкадаваньні” разьлічаныя на звычайнага абыватэля, які ня ведае тонкасьцяў”

Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў выказваўся аб тым, што Зьміцер для яго быў вельмі дарагім чалавекам, і ён будзе рабіць усё, каб даведацца пра ягоны лёс.

Гаворыць Сьвятлана Завадзкая:

“Я ня веру ніводнаму ягонаму слову. Зноў жа з тым зьбіцьцём, калі мяне зьбілі. Жонку Зьмітра зьбіваюць – твой “боль”, а ты нічога ня робіш: праглынуў і нармальна! Гэта разьлічана на звычайнага абыватэля, які ня ведае тонкасьцяў.

Гэта ўсё імідж... Новы ягоны імідж.

Па іншых справах, я гляджу, ён паціху памоўчвае, бо тыя ж былі палітыкамі. Зарабляе сабе дывідэнты перад тым жа Эўразьвязам і Амэрыкай.

Як ён сказаў, што гатовы стаяць на каленях перад сваякамі і нават перад Дзімам, калі не таго чалавека пасадзілі... Ён так кажа, бо ўпэўнены, што стаяць няма перад кім”.

Напачатку 2001 году маці Зьмітра Вольга Завадзкая і ягоная жонка накіравалі ліст прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, каб той паспрыяў у пошуках. Дырэктар ОРТ Канстанцін Эрнст да гэтага ліста дадаў яшчэ адзін – ад тэлекампаніі.

Вольга Рыгораўна Завадзкая не выключае, што Аляксандр Лукашэнка адчувае сваю віну за выкраданьне яе сына.

“Калі б ён хацеў, то не прыпыніў тыя апэратыўныя дзеяньні, якія былі адразу заплянаваныя Бажэлкам. Гэта, па-першае. Па-другое, я так думаю, усё тое, што ён сёньня кажа аб тым, быццам Дзіма яму як сын і пачуцьцё віны ў яго не зажывае, я думаю, гэта ў рэшце рэшт ад таго, што Дзіма сапраўды не займаўся ніякай палітыкай. Можа ў яго нейкія чалавечыя пачуцьці й праяўляюцца”.

Нягледзячы на тое, што ў крымінальнай справе паводле выкраданьня Зьмітра Завадзкага пакаралі некалькі чалавек, ягоны лёс дагэтуль невядомы.

Камэнтуе Аляксандар Старыкевіч:

Беларусам, на жаль, бракуе салідарнасьці. Бракуе жаданьня і ўменьня падзяліць чужы боль.

У выніку сям’я Завадзкіх са сваім болем засталася фактычна сам насам.

Так, былі і застаюцца сябры, калегі, нейкая частка іншых людзей, якія па-сапраўднаму спачувалі і якія як маглі дапамагалі родным Зьмітра. Але такіх – мінімальная колькасьць ад усіх, хто ведаў пра трагедыю… І якія аніяк ня выказалі свайго стаўленьня да таго, што адбываецца.

Мы, як нацыя, на жаль, не засвоілі ўрокі гісторыі.

Мы, як нацыя, фактычна забыліся на Курапаты.

Мы, як нацыя, фактычна забыліся на тое, што з намі зрабіў камуністычны рэжым.

І пакуль мы пра гэта не ўзгадаем, будзем асуджаныя на тое, каб раз-пораз Мы, як нацыя, на жаль, не засвоілі ўрокі гісторыі.
з намі паўтараліся ізноў і ізноў…




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG