Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускія прафсаюзы “ня бачаць” прыкметаў крызісу”


Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

Сёньня Аляксандар Старыкевіч разважае пра эфэктыўнасьць беларускіх прафсаюзаў ва  ўмовах надыходу эканамічнага крызісу.


— Ва ўсім сьвеце прафсаюзы заклапочаныя эканамічным крызісам і робяць рэальныя захады дзеля абароны сваіх сяброў.

Аднак у Беларусі іх практычна не адчуваецца. Так, яны падзеленыя на дзьве няроўныя часткі — незалежныя і дзяржаўныя. Колькасьць першых, па розных крыніцах, складае ў краіне дзесьці каля 10—15 тысяч чалавек.

Натуральна, іхныя магчымасьці вельмі абмежаваныя. Паказальны парадокс: нават калі незалежныя дабіваюцца нейкай перамогі ў адстойваньні шарагоўцаў, яны часьцяком сьвядома не афішуюць тое. Лёгіка простая: калі ўлады даведаюцца, што дырэктар прадпрыемства пайшоў насустрач незалежнаму прафсаюзу, то кіраўнік атрымае па галаве, і наступным разам ніякіх саступак ад яго ўжо не дачакаесься…

Што ж тычыцца дзяржаўнай ФПБ — гэтай умоўна чатырохмільённай арганізацыі, то яна дзейнічае абсалютна ў рэчышчы палітыкі прэзыдэнта. Вось і ня лічыць, што ў краіне існуюць нейкія праблемы, зьвязаныя з эканамічным крызісам.

І нават калі ён разгорнецца напоўніцу, наўрад ці можна чакаць, што Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларуская на чале з былым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанідам Козікам паўстане супраць улады ў абарону інтарэсаў працоўных.

Беларускім прафсаюзам трэба прайсьці яшчэ досыць працяглы шлях да таго, каб адпавядаць сучасным стандартам, напрацаванымі іх заходнімі калегамі.

І як ні дзіўна, бліжэй да гэтай мэты незалежныя арганізацыі, чымсьці шматмільённая ФПБ, падпарадкаваная дзяржаве.

А пакуль большасьць працоўных вымушаная заставацца са сваімі праблемамі сам-насам.

Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. На пачатку 1990-х гадоў ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча ў газэце “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук, выклікалі дэбаты ў Вярхоўным Савеце; некаторыя публікацыі сталі нагодай для стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў.

Ляўрэат шэрагу міжнародных узнагарод за журналісцкую дзейнасьць.

У 2004 годзе А.Старыкевіч і ягоная газэта “Салідарнасьць” сталі першымі ляўрэатамі ўзнагароды Швэдзкага ПЭН-цэнтру “за ўклад у забеспячэньне свабоды слова”, а ў 2006 атрымала Прэмію імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG