-- На тле карупцыйнага скандалу адышла ў цень значна больш сур’ёзная падзея. Беларусь атрымлівае крэдыт ад Расеі на 2 мільярды даляраў. Паўстае пытаньне – навошта? Улада сьцьвярджае, што ў эканоміцы ў нас справы ідуць някепска, ёсьць досыць заўважны прафіцыт бюджэту. І такім чынам, пазычаць грошы ў дадзенай сытуацыі не абавязкова. Тым больш, як кажуць у народзе, пазычаеш чужыя і на час, а аддаеш свае і назаўсёды. Адказу на гэтае пытаньне няма.
Я хацеў бы толькі нагадаць, што некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка ў якасьці аднаго са сваіх дасягненьняў якраз зважаў на тое, што краіна ня ўлезла ў пазыкі. Сёньня ж зьнешняя пазыка Беларусі ўжо наблізілася да 15 мільярдаў даляраў і імкліва павялічваецца. Аднак пытаньне ня толькі ў тым, што гэтыя грошы калі-небудзь давядзецца аддаваць. Хутчэй за ўсё, ужо не цяперашняй уладзе, і аддаваць трэба будзе з працэнтамі.
Але ёсьць яшчэ адна цікавостка. Умовай атрыманьня крэдыту ад Расеі быў пераход на разьлік у расейскіх рублях па нафце і газу паміж нашымі краінамі. І гэты крок значна больш сур’ёзна набліжае нас да адзінай валюты, чым усе папярэднія дэклярацыі і палітычныя заявы на гэты конт. Відавочна, што Крэмль гэтую ідэю ў спакоі не пакідае. Сёлета пра гэта казалі і Пуцін, і амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў, і іншыя расейскія палітыкі. Таму лічыць, што справа з адзінай валютай пахаваная, не выпадае. Больш за тое, манэўры беларускай улады могуць прывесьці да таго, што ў нейкі момант яна апынецца ў тупіку, іншага выйсьця зь якога ня будзе”.
Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. Напачатку 1990-х ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча ў газэце “Свабода” выклікалі дэбаты ў Вярхоўным Савеце, а некаторыя публікацыі былі нагодай для стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў.
Ляўрэат шэрагу міжнародных узнагарод за журналісцкую дзейнасьць. У 2004 годзе Аляксандар Старыкевіч і газэта “Салідарнасьць” сталі першымі ляўрэатамі ўзнагароды Швэдзкага ПЭН-цэнтра “за ўклад у забеспячэньне свабоды слова”, а ў 2006-м атрымала Прэмію імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”.