Журналіст Мікола Маркевіч у 2002 годзе быў асуджаны на два з паловай гады абмежаваньня волі паводле абвінавачваньня ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Фактычна адбыў пакараньне 6 месяцаў і 4 дні ў Асіповічах Магілёўскай вобласьці, пасьля чаго быў пераведзены на папраўчыя работы па месцу жыхарства, у Горадню. Што чакае тых, каго прымусова накіруюць на папраўчыя работы?
сыстэма "хіміі", сыстэма працоўных лягераў -- гэта сыстэма, дзе няма працы
Журналіст Павал Мажэйка атрымаў два гады абмежаваньня волі, гэтак званай "хіміі", таксама паводле абвінавачваньня ў паклёпе на прэзыдэнта. Праўда трапіў пад амністыю – тэрмін пакараньня зьменшылі на год. Працаваў на прыватным тартаку ў Жлобіне. На пытаньне, ці можа перавыхаваць чалавека папраўчая ўстанова, адказаў так:
"Я катэгарычна скажу, што сыстэма, якая існуе ў нас, ня можа перавыхаваць. Гэта сыстэма пакараньня, а не сыстэма перавыхаваньня. Я з свайго "хімічнага" досьведу памятаю, што большасьць людзей там пастаўленыя на мяжу выжываньня. Гэтыя людзі спрабуюць неяк ухітрыцца, каб зарабіць сабе на кавалак хлеба, ня кажучы ўжо пра тое, каб дапамагчы сваім сем'ям ці дзецям. Гэта абсалютна нерэальна ў нашых умовах".
Галоўны рэдактар газэты "Рабочы" Віктар Івашкевіч таксама быў асуджаны на два гады абмежаваньня волі за паклёп на кіраўніка дзяржавы. У выніку амністыі тэрмін пакараньня быў зьменшаны на адзін год. Адбываў пакараньне ў Баранавічах, працаваў кур’ерам. Наконт перавыхоўваньня ў так званых папраўчых установах выказаўся так:
"Не, ня могуць. Таму што там няма выхаваўчай работы. Можна хіба прымусіць іх працаваць, забіраць грошы і гэтыя грошы пускаць на падтрымку дзяцей. Гэта ж не піянэрлягер, гэта пакараньне. Так і пішацца – паслалі не на перавыхаваўчую апрацоўку, а суд выносіць пакараньне, гэта кара".
Палітык Павал Севярынец за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 года быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі, але пазьней у сувязі з амністыяй гэты тэрмін быў скарочаны на год. Адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна. На пачатку ў лясгасе працаваў штабэлёўшчыкам (уручную цягаў бярвеньні складваў іх у штабэлі). Затым працаваў сукарубам і нават атрымаў трэці разрад, стропальшчыкам. Наконт сыстэмы выхаваньня выказаў такое меркаваньне:
"Сыстэма так званага выхаваньня, якая ўбудаваная ў праваахоўную, а насамрэч карную сыстэму сёньняшняй беларускай дзяржавы, перавыхаваць ня можа нікога – ні злодзеяў, ні бандытаў, ні палітычных, ні тым больш бацькоў, якія кепска сочаць за сваімі дзецьмі. Рэч у тым, што гэтая сыстэма заснаваная на страху, гвалце і зьнявазе чалавека. А каб выхаваць чалавека, трэба ставіцца да яго зь любоўю, ці ва ўсякім разе з павагай да ягонай асобы.
Цалкам гутарку зь Міколам Маркевічам у праграме "Начная Свабода" можна паслухаць тут.