Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ў Парыжы гаварылі пра карупцыю ў Беларусі


Сёньня стан карупцыі ў Беларусі абмяркоўвалі ў Менску і ў… Парыжы. Аляксандар Лукашэнка праводзіў спэцыяльнае паседжаньне ў Адміністрацыі прэзыдэнта, а ў будынку Нацыянальнай асамблеі Францыі Анатоль Лябедзька выступаў на форуме Кран-Мантана.

Форум Кран-Мантана вядомы сваім галоўным мерапрыемствам, якое штогод праводзіцца ў аднайменным швайцарскім курортным гарадку. Але акрамя таго, пэрыядычна арганізуюцца і вузейшыя міжнародныя сустрэчы па якой-небудзь вострай праблеме. Якраз у гэтым фармаце праходзіць і парыскі форум.

Тэма дыскусіі — стан карупцыі ў сьвеце. Сустаршыню Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоля Лябедзьку запрасілі на форум у якасьці спэцыяльнага госьця:

“Гэты форум прысьвечаны праблемам карупцыі — палітычнай і эканамічнай. Але разам з тым арганізатары палічылі неабходным частку часу прысьвяціць сытуацыі ў Беларусі. І ў мяне 15 хвілін выступу”.

Цікава, што калі Анатолю Лябедзьку далі слова, вядучы адзначыў, што апазыцыйны беларускі палітык і сам ахвяра карупцыі. І нагадаў, што крымінальную справу супраць спадара Лябедзькі ўзбудзілі за выкрываньне ценевага бюджэту дзяржавы. Менавіта пра гэта лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі казаў вядучаму расейскай тэлепраграмы “Люстэрка” Мікалаю Сванідзэ.

Выступ Анатоля Лябедзькі складаўся зь дзьвюх частак — непасрэдна пра карупцыю ў Беларусі і пра пэрспэктывы ўзаемадзеяньняў з Эўропай.

Хто ж слухаў гэты выступ? Лідэр АГП кажа:

“Тут ёсьць прэзыдэнт гэтага Форуму. Сярод удзельнікаў сустрэчы — высокія асобы. У прыватнасьці, намесьнік пракурора Ўкраіны, міністар юстыцыі Грэцыі ды іншыя”.

Аднак, паводле спадара Лябедзькі, “афіцыйных асобаў зь Беларусі тут няма”.

Прэсавы сакратар Міністэрства юстыцыі Беларусі Людміла Мазан на маё пытаньне, ці запрашалі кагосьці зь міністэрства ў Парыж, адказала так:

“Скажу чэсна і шчыра: я пра гэта нічога ня ведаю. Таму патлумачыць нешта я вам не магу”.


“Transparency International” ужо шмат гадоў вымярае індэкс успрыманьня карупцыі насельніцтвам розных краінаў сьвету. Дасьледаваньні гэтай арганізацыі сьведчаць пра тое, што карупцыя ў Беларусі ва ўспрыманьні беларусаў за апошнія гады рэзка вырасла:
Дынаміка ўзроўню карупцыі ў Беларусі
пры канцы 1990-х краіна была сярод 50 дзяржаў, найменш карумпаваных на погляд сваіх грамадзянаў. У 2006 годзе яна апынулася на 151-м месцы са 163, у 2007-м — на 150-м месцы са 180.

Дарэчы, форум у Кран-Мантана памятны беларусам па скандале, які быў зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнкам у 1998 годзе. Тады падчас ягонага выступу ўзьнікла перапалка. Адзін з удзельнікаў форуму публічна назваў кіраўніка беларускай дзяржавы дыктатарам і прадказаў, што ён скончыць свае дні, як усе дыктатары. Лукашэнка пакрыўдзіўся — і дэманстратыўна пакінуў залю паседжаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG