Правы рабочых у супрацьстаяньні з адміністрацыяй абараняюць прафэсійныя саюзы. Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі іх функцыя зьведзеная да мінімуму, а афіцыйная Фэдэрацыя прафсаюзаў займае праўладную пазыцыю.
Экс-старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык ня ўпэўнены, што ў сучасных беларускіх рэаліях прафсаюзы здолеюць стаць на абарону найманых работнікаў. Фэдэрацыя, якую ён колісь узначальваў, пераўтварылася ў цалкам афіцыйную і безыніцыятыўную ўстанову. Зь іншага боку — незалежны прафсаюзны рух заштурхнуты фактычна ў падпольле:
“На асобных прадпрыемствах, дзе прафкамы больш моцныя, яны будуць дзейнічаць, дамагацца, каб выконваліся абавязаньні па дамовах. Што тычыцца Фэдэрацыі прафсаюзаў, думаю, што яна прамаўчыць — гэтаксама, як было па сацыяльных ільготах. Так што ў гэтым я не аптыміст. Іх ужо даўно не чуваць, не відаць; яны нічога ня могуць зрабіць, бо гэта ўвойдзе ў супярэчнасьць зь дзяржавай. А захаваць адносіны з уладай — гэта для іх больш важная задача, чым абарона правоў рабочых. Напэўна, асобныя прафкамы будуць дзейнічаць, але ў асноўным — не”.
Карэспандэнт: “Дзе ў Беларусі прафсаюзныя арганізацыі яшчэ маюць вагу?”
“Трэба сказаць, што на досыць буйных прадпрыемствах — найперш на “Беларуськаліі”, на прадпрыемствах нафтаперапрацоўчай галіны. Перадусім там, дзе яшчэ засталіся рэшткі незалежных прафсаюзаў”.
Адно зь нешматлікіх аб’яднаньняў працоўных, якое рэальна дзейнічае — Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Аднак нават яго кіраўнікі прызнаюць: істотна ўплываць на сытуацыю ў краіне БКДП ня можа з-за сваёй нешматлікасьці. Зь іншага боку, сяброўства ў альтэрнатыўнай структуры цягне за сабой непажаданыя наступствы, што для многіх — фактар сур’ёзны. Гаворыць намесьнік старшыні БКДП Мікалай Канах:
“Што тычыцца крызісу, то мы нашым сябрам давялі, якія мэтады павінны ўжываць нашы прафсаюзы, калі пачнуцца, прыкладам, скарачэньні на прадпрыемствах. То бок нашы сябры прафсаюзу валодаюць усімі неабходнымі ведамі для абароны правоў працоўных. Вы маеце рацыю, што нас вельмі мала, і мы ня здолеем зрабіць уплыў на тое, што будзе адбывацца ў Беларусі, што будзе з нашымі прадпрыемствамі ў цяперашніх эканамічных умовах. А Фэдэрацыя прафсаюзаў нічога рабіць ня будзе, усё было зроблена, калі Фэдэрацыю падпарадкавалі дзяржаве і паставілі там свайго кіраўніка. Таму яны будуць рабіць толькі тое, што ім дазволяць. Дазволяць сказаць, што трэба нейкія захады рабіць для абароны працоўны, яны будуць выступаць. А не дазволяць — будуць сябе паводзіць гэтак жа, як было зь пераводам працоўных на кароткатэрміновыя кантракты. Ня будзе зь яе боку ніякіх крытычных патрабаваньняў да ўладаў. Ня будзе”.
Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік ня згодны з крытычнымі выпадамі на адрас афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі. Кажа, што ФПБ пасьлядоўна адстойвае інтарэсы працоўных, а вось апанэнты толькі і займаюцца тым, што пускаюць у Фэдэрацыю крытычныя стрэлы:
“На пасяджэньне Нацыянальнага савету мы запрашалі іх дзясяткі разоў, і ніхто да нас не прыходзіў. Мы займаемся пытаньнямі ўдасканаленьня Працоўнага кодэксу, дзе прапісаныя пазбаўленьні ільготаў і іншых матэрыяльных магчымасьцяў для людзей. Мы зноў зьвярталіся да іх, ніхто да нас не прыйшоў. Па сутнасьці, цяпер мы адны змагаемся. Перад гэтым быў закон аб зьмене пэнсійнага забесьпячэньня, дзе фігуруюць шахцёры і нашы, якія ўваходзяць у ФПБ, і шмат ня нашых. Ну і хто варухнуўся? Ніхто! Таму няхай яны падумаюць наконт таго, што яны гавораць і што робяць. Але замест гэтага мы бачым толькі ашалелыя нападкі ў наш бок. А за што нападаць? Мы ж хочам лепш зрабіць для кожнага простага чалавека, для кожнага працаўніка!”
На пачатку 1990-х незалежныя прафсаюзы арганізавалі масавыя акцыі пратэсту людзей, незадаволеных эканамічнай палітыкай ураду. Ці можа паўтарыцца такая сытуацыя цяпер, ва ўмовах фінансавага крызісу? Вось меркаваньне аднаго з заснавальнікаў Свабоднага прафсаюзу Генадзя Быкава:
“На працягу 10 гадоў у Беларусі вельмі багата прадпрыемстваў і працаўнікоў атрымлівалі заробак, які яны не зарабілі. Бо ў нас было і ёсьць так: у лепшых забіраюць, горшым аддаюць. Людзі да гэтага прызвычаіліся і сябе вельмі добра пачуваюць. А калі пачнуцца вялікія праблемы ў эканоміцы, калі заробкі пачнуць падаць, то цалкам магчымая такая хваля. Я ня думаю, што яна будзе, як у 1991 годзе, але выступы людзей магчымыя. Без усялякіх прафсаюзаў, дарэчы. Бо такое было на камвольным камбінаце, ужо калі быў ва ўладзе Лукашэнка. І з трактарнага заводу людзі выйшлі, трамвайную лінію перагарадзілі, як узьніклі затрымкі з выплатай заробкаў. Таму такое цалкам можа быць”.