Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам не да паездак


У Менску завяршылася спэцыялізаваная выстава “Турбізнэс”, якая заўсёды прэзэнтуецца як кірмаш прапановаў на восеньска-зімовы сэзон.


Аднак ці не ўпершыню за 15 гадоў цікавасьць да яе з боку патэнцыйных турыстаў была надзвычай сьціплаю, а колькасьць удзельнікаў істотна саступала папярэднім імпрэзам. Што спрычынілася да рэзкай страты попыту на сэзонны адпачынак? У немалой ступені турыстычную актыўнасьць прытупіў сусьветны фінансавы крызіс.

Пра стагнацыю на рынку турыстычных паслугаў спэцыялісты казалі яшчэ да першых праяваў фінансавага крызісу, але выдаткі апошніх сусьветных працэсаў дадаткова ўскладнілі жыцьцё турапэратарам.

Як кажа рэдактарка спэцыялізаванай газэты “Туризм и отдых” Лілія Кобзік, у выходныя ля выставачнага комплексу “БелЭкспа” запаркаваць машыну можна было без праблемаў. А гэта найлепш сьведчыць пра рэальную запатрабаванасьць імпрэзы. У папярэднія гады выстава суправаджалася ажыятажам — у часе яе працы туры можна было набыць з істотнымі зьніжкамі:

“Некаторы час была нейкая надзея, што людзі вось-вось прызвычаяцца: зімой гарналыжны адпачынак і летам — пляжны. Але не,
статыстыку выезду - кожны год памяншэньне і памяншэньне
тэндэнцыя зламалася. Можа, і з крызісам таксама сувязь ёсьць. Але ў нас да гэтага спрычыніліся і свае ўнутраныя абставіны. Зараз назіраецца стагнацыя ў турбізнэсе. Рынак амаль што не разьвіваецца. Хоць ёсьць некаторыя ўзьлёты імгненныя нейкіх напрамкаў, і кожная фірма, калі вы запытаеце, скажа, што прыбытак істотна ня зьменшыўся. Але калі ўзяць агульную карціну і паглядзець на статыстыку выезду, то кожны год — памяншэньне і памяншэньне. І ёсьць настроі такія ў турбізнэсе, што гэта стагнацыя. Недахопы па транспарце, авіярынак зусім не разьвіваецца, іншыя да нас не прыходзяць. Ёсьць цэлы шэраг спэцыфічных абставінаў, на якія накладаецца гэты крызіс. Крызіс, безумоўна, мае да нас дачыненьне, і выстава яскрава гэта прадэманстравала”.

Як паведамілі ў адной са сталічных турфірмаў, апроч зьніжэньня попыту на традыцыйныя для гэтага часу індывідуальныя туры ў Эгіпет, Тайлянд, на Шры-Ланку, Мальдывы і г.д., паступова спадае запатрабаванасьць карпаратыўных выездаў на некалькі дзён у Вільню, Рыгу, Кіеў, якія звычайна замаўляюцца перад Калядамі.

“Некаторыя кампаніі ўжо паадмаўляліся ад паездак, карпаратыўных выездаў, якія звычайна ладзілі ўвосень. То бок нават сталыя кліенты адмаўляюцца ад такіх паездак, якія былі звыклымі цягам ужо многіх гадоў. Вядома, ня так усё сумна, бо ўсё роўна хтосьці паедзе. Але цяпер істотна меней. У нас традыцыйна кожны год некалькі кампаній езьдзілі, а цяпер дзьве дакладна ўжо ня едуць. У параўнаньні зь мінулым годам — адназначна меней кліентаў едзе сёлета. Справа ў тым, што людзі проста баяцца, бо невядома, што яшчэ будзе наперадзе. Інакш кажучы, эканомяць грошы. Але калі ў нас працэс пакуль разьвіваецца адносна ціха, то, прыкладам, у той жа Латвіі людзі амаль увогуле прыпынілі свае паездкі. Як кажуць, крызіс бушуе”.

Ці гэта ўнікальна для Беларусі, альбо прыпыненьне турыстычнай актыўнасьці характэрна для ўсёй галіны па ўсім сьвеце? Рэдактарка газэты “Туризм и отдых” Лілія Кобзік кажа, што ў некаторых краінах, уключна з суседняй Расеяй, людзі, наадварот, у гэты час намагаюцца ўкласьці ў адпачынак сродкі, якія ў час эканамічнай неакрэсьленасьці могуць папросту абясцэніцца:

“Наконт гэтага было шмат размоваў на той жа выставе. Прыкладам, расейскія турфірмы кажуць: у іх, маўляў, наадварот, назіраецца
У нас на сусьветныя працэсы накладаюцца яшчэ ўласныя праблемы
пэўны ўздым актыўнасьці. Расейцы проста ня ведаюць, у якіх знаках захоўваць грошы, і схіляюцца да таго, каб нешта купляць. Набываюць таксама і туры. У нас жа ўсё ня так. Калі ў расейцаў праблема — ува што пераводзіць сродкі (у рублі, даляры ці эўра), то ў беларусаў ня так шмат вольных сродкаў, і таму іх захаваць прасьцей. А тое, што ёсьць, магчыма, людзі вырашылі адкласьці да вясны, патраціўшы ўжо на летні адпачынак. Але на заходніх рынках, кажуць, у асноўным таксама нейкае зацішша назіраецца. Таму цяжка казаць па сытуацыі агулам, але ж у нас на сусьветныя працэсы накладаюцца яшчэ ўласныя праблемы. А ў выніку атрымліваецца вось такое зацішша”.

Як удакладняюць у турыстычных фірмах, у сувязі з валютнымі курсамі, якія істотна вагаюцца, зьявіліся сур’ёзныя праблемы ў разьліках з партнэрамі; звыклай справай сталі затрымкі ў плацяжах. Апроч таго, банкі на няпэўны час прыпынілі крэдытаваньне пад набыцьцё турыстычных тураў.

Даведка. Штогод зь Беларусі за мяжу на адпачынак выяжджае блізу 1 мільёна беларусаў. Колькасьць замежных турыстаў, якія ў асноўным едуць празь Беларусь транзытам, не перавышае 100 тысячаў. Сёлета, на думку аналітыкаў, гэтыя лічбы істотна зьнізяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG