Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імідж на замову


Сёньня завяршылася знаходжаньне ў Беларусі групы журналістаў шэрагу заходніх выданьняў і агенцтваў. Іх трохдзённы візыт стаў вынікам пагадненьня паміж беларускім урадам і лёнданскай піяр-кампаніяй “Bell Pottinger Group”. Яе ўладальнік — брытанскі лорд Тымаці Бэл — узяўся за грошы фармаваць станоўчы імідж Беларусі ў сьвеце. Ці падобны гэты прэс-тур да ўжо звыклых журналісцкіх дэсантаў з Расеі?

У склад прэс-групы ўвайшлі карэспандэнты брытанскай газэты “Financial Times” і нямецкай “Wirtschafts Woche”, агенцтваў Associated Press і Reuters, а таксама прадстаўнікі агенцтва фінансавых навінаў Bloomberg і фінансава-аналітычнай кампаніі “Global Insight”. Кіраўнік дэлегацыі і ўсёй піяр-акцыі па Беларусі ад кампаніі “Bell Pottinger Group” — Ніка дэ Клерк. Ён пацьвердзіў, што прэс-тур прымеркаваны да лістападаўскага Беларускага інвэстыцыйнага форуму ў Лёндане. Аднак казаць пра нейкія ўражаньні ад убачанага цягам папярэдніх дзён адмовіўся:

“Выбачаюся, але я не магу даваць ніякіх камэнтароў з гэтай нагоды. Я не ў такой пазыцыі, каб ад імя кампаніі выказвацца па гэтай тэме. Я проста павінен выконваць сваю працу, і, апроч яе, не ўпаўнаважаны на іншыя моманты. Нічога больш, прабачце”.

Журналісты таксама адмовіліся рабіць камэнтары, што абумоўлена пазыцыяй выданьняў. Аднак не для мікрафону адзін з удзельнікаў расказаў, чым яны займаліся ў Беларусі, пачынаючы ад 28 кастрычніка.

Паводле майго суразмоўцы, галоўны “мэсыдж” акцыі ў тым, што Беларусь імкнецца прыцягнуць заходнія інвэстыцыі ў супрацьвагу расейскаму ўплыву. Гэта падкрэсьлівалі чыноўнікі; Аляксандар Лукашэнка ўчора таксама казаў пра лібэральныя рэформы.
Галоўны “мэсыдж” акцыі ў тым, што Беларусь імкнецца прыцягнуць заходнія інвэстыцыі.
З гэтай мэтай у Лёндане 18 лістапада пачне працу эканамічны форум, а напярэдадні яго Беларусь прэзэнтуе праекты, якія будуць там абмяркоўвацца. Абвешчана, што краіна паляпшае інвэстыцыйны клімат, умацоўвае эканамічныя рэйтынгі. Сусьветны банк і Міжнародная фінансавая карпарацыя ўжо падвысілі рэйтынг Беларусі паводле інвэстыцыйнай прывабнасьці, задача — трапіць у першую трыццатку.

28 кастрычніка журналісты наведалі ІТ-кампанію ЕРАМ, сустрэліся з выканаўчым віцэ-прэзыдэнтам Карла Робам і кіраўніком Парку высокіх тэхналёгій Валерыем Цапкалам. Наступны дзень быў прысьвечаны сустрэчам з чыноўнікамі. Прайшлі прэс-канфэрэнцыі намесьніка старшыні Нацбанку Васіля Мацюшэўскага, намесьніка міністра фінансаў Уладзімера Амарына, міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі, віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова. Учора ўдзельнікі прэс-групы наведалі “Беларусбанк”, дзе даведаліся, што неўзабаве ўстанова прадасьць 25% акцыяў і правядзе поўны рэбрэндынг. Таксама гасьцям паказалі сумеснае прадпрыемства “МАЗ-МАН” і фабрыку “Мілавіца”, а посьпехі ў прамысловасьці падсумаваў намесьнік кіраўніка галіновага міністэрства Генадзь Сьвідэрскі. Мой суразмоўца падкрэсьліў, што ўва ўсіх выпадках на першы плян выступаў эканамічны бок, ніякія палітычныя аспэкты не закраналіся.

Калега дадае, што нельга параўноўваць візыт заходніх журналістаў з масавымі дэсантамі расейскіх журналістаў.
Беларускім уладам ня варта разьлічваць на хваласьпевы, якія звычайна чуваць ад расейцаў пасьля вяртаньня дадому.
Мяркуючы па тоне размовы, па вострых пытаньнях, якія задавалі, у прыватнасьці, брытанцы, беларускім уладам ня варта разьлічваць на хваласьпевы, якія звычайна чуваць ад расейцаў пасьля вяртаньня дадому. Да таго ж, як кажа суразмоўца, сур’ёзныя выданьні кшталту “Financial Times” не практыкуюць напісаньня артыкулаў на замову за грошы якога б там ні было рэжыму.

Выслухаўшы дзяржаўных чыноўнікаў, адзін з удзельнікаў прэс-групы заўважыў, што ўсё гэта “песьні для дурных”. Такую выснову ён зрабіў пасьля наведваньня СП “МАЗ-МАН”. Там расказалі, што пяць гадоў таму нямецкі “МАН” прадаў 48% акцый аўстрыйскай кампаніі. Хто канкрэтна набыў акцыі, чым займаецца кампанія — так і засталося таямніцай. У гэтым зьвязку суразмоўца лічыць, што беларусы размовамі пра лібэралізацыю папросту пускаюць пыл у вочы, а Беларусь выкарыстоўвае не зусім сумленную схему гульні. На яго думку, на беларускія грошы, некалі вывезеныя ў Аўстрыю, арганізаваная “ўмоўна аўстрыйская фірма”, якая інвэстуе ў “МАЗ-МАН”. Такім чынам, празь нібыта беларуска-аўстрыйскае СП, будуць легалізаваныя сумнеўныя сродкі. Цяпер улады намагаюцца такую схему перанесьці на яшчэ не прыватызаваныя прадпрыемствы. Каньюнктура такая, што зараз гэтыя прадпрыемствы будуць каштаваць танна. І той, хто раней вывеў капіталы ў Брытанію ці Нямеччыну, неўзабаве можа стаць заснавальнікам СП з удзелам стратэгічных прадпрыемстваў. Але для таго, каб заходнікі раптам павезьлі свае грошы ў Беларусь, няма аб’ектыўных падставаў, — лічыць адзін з удзельнікаў прэс-групы лорда Бэла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG