Сьвежы нумар “Белгазеты” прысьвечаны вынікам выбараў у парлямэнт, што прайшлі ў Беларусі 28 верасьня. Галоўная інтрыга выбараў, піша рэдактар “Белгазеты” Віктар Марціновіч, у тым, што АБСЭ не прызнала выбары дастаткова дэмакратычнымі. На старонках газэты таксама – інтэрвію з лордам Бэлам, якога запрасілі ў якасьці піяршчыка палепшыць імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Распавядае Віктар Марціновіч:
Лорд Бэл рэагаваў досыць нэрвова
Януш Анышкевіч, польскі дэпутат Эўрапарлямэнту, падзяліўся з “Белгазетай” сваімі плянамі ў дачыненьні да санкцыяў Эўрапарлямэнту адносна Беларусі. На яго погляд, санкцыі да рэжыму Беларусі застануцца ў сіле. Але ці знойдуць кансэнсус выканаўчыя структуры Эўразьвязу, пакуль невядома.
Газэта “Беларусы и рынок” асьвятляе праблему вышэйшай адукацыі ў краіне. У артыкуле Ірыны Крыловіч “Кадры патрэбныя краіне” аналізуецца адмысловая дзяржпраграма на 2008-2010 гады і пэрспэктыва да 2015 года. Сутнасьць праграмы – у фактычным адыходзе ад прынцыпу бакалаўратура-магістратура, да якой Беларусь пачала пераходзіць у рамках далучэньня да Балёнскага працэсу, затым ад гэтага працэсу фактычна адмовілася. Меркаваньні адмыслоўцаў пра тое, як задаволіць кадравы голад у краіне – на старонках выданьня.
“Вечерний Брест” распавядае пра сытуацыю на рынку грыбоў. Толькі ў Пружанскім раёне дазвол на збор і загатоўку дзікіх грыбоў ды ягад атрымалі 44 суб’екты гаспадаркі. Але год выдаўся неўраджайны, – сьведчаць спэцыялісты. На Брэстчыне грыбы зьявіліся толькі ў верасьні. Прытым ня самыя папулярныя ў Эўропе, а менавіта на эўрапейскага пакупніка найперш арыентуюцца буйныя беларускія нарыхтоўшчыкі. На пачатку кастрычніка прыёмныя пункты абласнога спажывецкага саюза нарыхтавалі 8 тонаў грыбоў усіх гатункаў, – гэта мізэрная колькасьць параўнальна з 2006-м годам і лічбай больш за 100 тонаў.