Абодва яны балятаваліся без альтэрнатывы, абодва не атрымалі ніводнага голасу “супраць”.
Аляксандар Вайтовіч, які ачольваў Савет Рэспублікі другога скліканьня, сказаў “Свабодзе”, што быў абсалютна ўпэўнены ў абраньні менавіта Барыса Батуры:
“Усе разы старшынямі Савету Рэспублікі станавіліся людзі, якія прызначаліся ў Савет Рэспублікі асабіста Лукашэнкам. Як Батура цяпер — асабістым указам. Так было і з Шыпуком, і са мною, і з Навіцкім у трэцім скліканьні”.
Кіраўнік дзяржавы мае канстытуцыйнае права асабіста ўвесьці ў верхнюю палату восем так званых сэнатараў. Тыдзень таму ён падпісаў указ аб прызначэньні туды старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры.
Аналітыкі заўважылі: Аляксандар Лукашэнка яшчэ ніколі не выкарыстоўваў сваю квоту цалкам. Аляксандар Вайтовіч тлумачыць гэта неабходнасьцю заўжды мець рэзэрв:
“Магчыма, зьявіцца чалавек, якога трэба, так бы мовіць, прыўзьняць. Гэта як цукерачка для кагосьці”.
Двухпалатны парлямэнт зьявіўся ў Беларусі пасьля лістападаўскага 1996 году рэфэрэндуму. Валеры Фадзееў, які ў той час быў намесьнікам старшыні Канстытуцыйнага суду, лічыць, што Беларусі ён наагул не патрэбны:
“Двухпалатны парлямэнт існуе, як правіла, у фэдэратыўных дзяржавах. Таму што другая палата прадстаўляе інтарэсы рэгіёнаў, якія карыстаюцца пэўнай самастойнасьцю. Так, напрыклад, ён існуе ў Расеі, у Нямеччыне, у Злучаных Штатах Амэрыкі... Гэта робіцца дзеля таго, каб насамрэч збалянсаваць інтарэсы цэнтральнай улады і рэгіёнаў”.
Аляксандар Вайтовіч падзяляе такі падыход. А зьмяненьні ў Канстытуцыю, якія ініцыяваў прэзыдэнт, ён тлумачыць так:
“Я думаю, што верхнюю палату зрабілі таму, што Лукашэнка быў моцна запалоханы магчымасьцю імпічмэнту. І ён зрабіў спэцыяльны рэзэрв. Бо цяпер працэдура імпічмэнту праходзіць ужо празь дзьве палаты. А ў Савеце Рэспублікі ўплыў улады нават у першыя гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі быў нашмат большы, чым у Палаце прадстаўнікоў. І ён разумеў, што можа кантраляваць Савет Рэспублікі. І гэтая “накрыўка” не адкрыецца — яна будзе пад кантролем”.
Валеры Фадзееў выказвае яшчэ адно меркаваньне:
“Можа, гэта зрабілі для таго, каб той, хто пайшоў на пэнсію, мог атрымаць цёплае месца? Кажуць жа, што там зьбіраюцца дасьведчаныя людзі. Што яны ўсё разумеюць, ва ўсім разьбіраюцца”.
А вось што наконт гэтага сьведчыць статыстыка. Барыс Батура нарадзіўся ў 1947 годзе, Анатоль Рубінаў — у 1939-м. Сярод 56 зарэгістраваных пакуль “сэнатараў” 7 перайшлі пэнсійную мяжу. А яшчэ 33 асобы знаходзяцца ва ўзросьце ад 50 да 60 гадоў. Між тым Канстытуцыя прадугледжвае, што ў Савет Рэспублікі мае права ўваходзіць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 30-гадовага ўзросту.
Першы кіраўнік Савету Рэспублікі Павал Шыпук цяпер на пэнсіі. Другі — Аляксандар Вайтовіч — працуе ў Нацыянальнай Акадэміі навук. Трэці — Генадзь Навіцкі — сёньня абраны ў Савеце Рэспублікі старшынём камісіі рэгіянальнай палітыкі і мясцовага самакіраваньня.