Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтаваны “Глёбус Магілёва” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Gariy. “Глёбус Магілёва”
Gariy. “Глёбус Магілёва”

Сёньня ў Магілёве адкрылася фотавыстава маладых аўтараў “Untitled — 2008”. Дзевятнаццаць фатографаў-пачаткоўцаў прэзэнтавалі больш за сотню сваіх працаў.


Іх прыйшлі пабачыць шмат магілёўцаў, пераважна маладых людзей. Паводле арганізатараў, выстава — адна з рэдкіх у Магілёве магчымасьцяў для маладых фатографаў заявіць пра сябе.

Прэзэнтаваныя на выставе працы не аб’яднаныя агульнай тэматыкай. Бальшыня аўтараў пазнаёмілася праз інтэрнэт, дзе ўласна й выстаўленыя іхныя працы. Менавіта таму арганізатары й вырашылі назваць выставу “Untitled — 2008”, што ў перакладзе на беларускую мову азначае “Бязь назвы” альбо “Неназваны”.

Сто прэзэнтаваных на выставе працаў насамрэч цяжка аб’яднаць адной тэмай, хіба што маладосьцю іх аўтараў, прагай экспэрымэнтаваць ды нестандартным падыходам да фатаграфіі. Некаторых аўтараў фотакарцін я адшукаў у вірлівым натоўпе маладых людзей.

Фатограф-пачатковец Сяргей Аўсяньнік зазначае, што любіць фатаграфаваць людзей на вуліцах вялікіх гарадоў:

“Самае цікавае, што на вуліцы гэта ўсё зьліваецца ў адну карціну, на гэта прыемна глядзець. Дужа шмат людзей — у кожнага свой твар, кожны некуды сьпяшаецца, у кожнага свае ўражаньні, кожны пра нешта думае. У кожнага свой лёс і свая карціна. Таму здымаць на людных вуліцах — адно задавальненьне: хадзі з фотаапаратам і рабі карціны”.

Фатограф Ігар Сечынаў на суд гледачоў прапанаваў сэрыю працаў пад назвай “Чалавек як зьвяно мэханізма”:

“Канцэпцыя гэтай сэрыі — паказаць агульны малюнак. Там ня толькі ня трэба ўнікаць у дэталі, там ня трэба пытацца — дзеля чаго? Там асноўным аб’ектам выступае не чалавек, а мэханізм, у якім ён знаходзіцца. Паўтарэньне лініяў, цёмных плямаў ды каляровых плямаў — яны фармуюць нейкі агульны мэханізм, у якім круціцца чалавек”.

Фатограф-пачатковец з псэўданімам Gariy захапляецца панарамнай фатаграфіяй. Некалькі ягоных працаў выкананыя ў стылі сфэрычнай панарамы. Пра адну зь іх пад назвай “Глёбус Магілёва” аўтар кажа:

“Яна пакліканая аб’яднаць людзей усяго сьвету, людзей зь іншых гарадоў, якія нарадзіліся ў нашым горадзе і якім дарагі наш горад. Гэта проста плянэта нашага гораду”.

На выставу прыйшло шмат народу
Паводле фатографа, пасярод гэтай плянэты знаходзіцца гістарычны цэнтар Магілёва зь яго сымбалем — ратушай.

На выставу прыйшло шмат народу, пераважна маладыя людзі. Пытаюся ў адной з арганізатарак Яўгеніі Алефірэнкі пра яе ўражаньне ад гэткай колькасьці наведнікаў. Яна хвалюецца й зазначае, што баіцца даваць ацэнку пасьпяховасьці выставы:

“Вось на пачатку, калі прыдумвалі гэта рабіць, страшна было — ці атрымаецца што? Цяпер нібыта ўсё атрымалася. Страшнавата, вядома, але думаю, што ўсё добра. Мы задаволеныя”.

Экспазыцыю фотакарцінаў маладых аўтараў адкрылі ў выстаўнай залі на вуліцы Болдзіна. Яе можна будзе пабачыць да 9 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG