Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўропа з двух пунктаў погляду” ў Магілёве


У Магілёве адкрылася фотавыстава “Эўропа з двух пунктаў погляду”.


На сарака фотаздымках – эўрапейскія гістарычныя й культурныя каштоўнасьці, унесеныя ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Фотавыстава — частка аднайменнага культурна-адукацыйнага праекту Эўракамісіі.

Пра мэту фотавыставы распавяла “Свабодзе” кіраўніца праекту Вольга Рачынская:

“Выстава задумана дзеля таго, каб паказаць, як эўрапейцы бачаць Эўропу, і як яе бачаць беларусы. Фотапрацы пераконваюць, што істотных разыходжаньняў у бачаньні Эўропы эўрапейцамі й беларусамі няма. Усе мы жывем у вялікім сьвеце, і ўспрыманьне гэтага сьвету ў нас прыкладна аднолькавае”.

Палову экспазыцыі, дваццаць фотаздымкаў, прадставіла нацыянальная камісія Літвы ў справах ЮНЭСКА. Упершыню гэтыя працы выстаўляліся ў Вільні на трыццатай сэсіі Камітэта ў справах усясьветнай спадчыны. Іх аўтары — эўрапейскія фотамайстры.

Другую палову экспазыцыі складаюць здымкі беларускіх фотамайстроў – прафэсіяналаў і аматараў. Гэтыя працы адбіралі на выставу ў кастрычніку праз адмысловы конкурс.

Фатаграфіі суправаджаюцца тлумачальнымі надпісамі на беларускай, ангельскай ды расейскай мовах.

Знаёміцца з фотавыставай магілёўцы будуць да 23 лютага ў кінатэатры “Чырвоная зорка”. Потым яе зьбіраюцца паказаць у Віцебску. Раней яе дэманстравалі ў Менску і Гомелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG