Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці разваліць АДС сыход “Эўрапейскай кааліцыі”?


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

У панядзелак каардынацыйны камітэт Эўрапейскай кааліцыі зацьвердзіў заяву пра выхад з АДС.


Як заявіў лідэр Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч, “Мы не падпісваліся пад кааліцыяй, бальшыню кіроўных органаў якой ствараюць неэўрапейскія сілы. Пад кааліцыяй, якая проста адмаўляецца ад барацьбы». Ці мяняе гэты крок сытуацыю ў апазыцыйным лягеры? Ці можна сказаць, што некаторыя апазыцыйныя палітыкі ўжо пачалі падрыхтоўку да прэзыдэнцкай кампаніі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: “Ці мяняе гэты крок “Эўрапейскай кааліцыі” сытуацыю ў АДС? Ці можна сказаць, што ўжо пачалося тое перафарматаваньне апазыцыі, пра якое шмат казалі пасьля парлямэнцкіх выбараў?”

Юры Чавусаў
Чавусаў:
“Сама па сабе гэтая падзея ня вельмі значная. Бо ня варта перабольшваць сілы суб’ектаў, якія складаюць “Эўрапейскую кааліцыю” — па вялікім рахунку, гэта ня самыя моцныя элемэнты ў канструкцыі АДС.

З іншага боку, як знак таго, што ўнутры дэмакратычнай кааліцыі ідуць працэсы перафарматаваньня, — гэтую падзею разглядаць можна. Зараз шмат чаго будзе залежаць ад сапраўднай зацікаўленасьці іншых, мацнейшых суб’ектаў у захаваньні хаця б зьнешняга вобліку адзінай кааліцыі. Бо не сакрэт, што ўнутры АДС сярод мацнейшых структураў таксама ёсьць разыходжаньні, і часам водгукі тых канфліктаў выходзяць на паверхню і трапляюць у СМІ.

Так што існуе пэўная імавернасьць, што прыклад “Эўрапейскай кааліцыі” можа паслужыць фармальнай падставай для таго, каб тыя мацнейшыя партыі, якія няўтульна адчуваюць сябе ў АДС, скарысталі гэта як нагоду для таго, каб выйсьці з існуючых пагадненьняў альбо адыйсьці ад гэтай канфігурацыі і прыйсьці да новай сыстэмы”.

Цыганкоў: “Пасьля парлямэнцкіх выбараў некаторыя апазыцыйныя лідэры пачалі заяўляць, што трэба як мага раней пачынаць падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў. З гэтага пункту гледжаньня ўжо і разглядаюцца пэўныя крокі і зрухі ўнутры апазыцыі. Ці можна разглядаць заяву Міколы Статкевіча менавіта ў гэтым ракурсе?”

Чавусаў: “Зараз магчымасьць вылучыць адзінага кандыдата ад АДС на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта фактычна адзінае, што цэмэнтуе разнастайныя палітычныя сілы ўнутры АДС. Але праблема ў тым, што ня ўсе партыі зацікаўленыя ў вылучэньні адзінага кандыдата. Менавіта таму сыход “Эўрапейскай кааліцыі” можа быць скарыстаны як нагода адмовіцца не ад дэмакратычнай кааліцыі, а ад мэханізму вызначэньня адзінага кандыдата ад дэмакратаў на прэзыдэнцкіх выбарах”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG