Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"8 градусаў цягам пяці дзён зацьвердзіў яшчэ Сталін"


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 22 кастрычніка, сераду.


У Менску на мэмарыяльным комплексе “Яма” адбылася жалобная імпрэза з нагоды 65 гадавіны зьнішчэньня габрэйскага гета. Удзел у ёй узяў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. Камэнтар слухача:

Андрэй, Пінск: “Лукашэнка на жалобным мерапрыемстве згадаў пра Бэрлінскую сьцяну, разбураную амаль 20 гадоў таму. Яна была разбураная палітыкамі дзеля дружбы народаў. У нас жа нейкая мітычная саюзная дзяржава, якая ўжо дзесяць гадоў будуецца таксама быццам у імя народаў. Але асабістыя амбіцыі прэзыдэнта і іншых палітыкаў асудзілі гэты праект на даўгабуд, ці гэта, як кажуць, дурылка для народу. Яшчэ б ня шкодзіла нашаму прэзыдэнту зьявіцца на падобным мерапрыемстве, прысьвечаным ахвярам сталінізму, а не засноўваць сталінізм у нашай рэспубліцы”.

У Беларусі распачалося паэтапнае ўключэньне сыстэмы ацяпленьня ў будынках. Але і на сёньня многія сотні жылых і адміністрацыйных пабудоў цяпла не дачакаліся. Выказваньне на гэтую тэму:

Ільля Копыл: “Цікава, хто прыдумаў формулу, што, каб пачаць ацяпленьне ў кватэрах, трэба чакаць, каб на працягу пяці сутак сярэднясутачная тэмпэратура трымалася не вышэй за +8 градусаў. Пакутуюць дзеці ад прастудаў, хварэюць дарослыя... Няўжо марозіць людзей ёсьць адным з пунктаў праграмы “За здаровую нацыю”?

На пытаньне адказвае эканаміст Міхась Залескі:

“8 градусаў цягам пяці дзён, 9 квадратных мэтраў на чалавека і мінімальны спажывецкі кошык прыдумалі акадэмікі Нямчынаў і Струмілін у 1927 годзе. Таварыш Сталін зацьвердзіў гэтае рашэньне, і яно пасьлядоўна выконваецца”.

Міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” заявіла пра нездавальняючае становішча СМІ ў Беларусі. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар:

“Рэйтынг СМІ на Беларусі.
Бралася 172 краіны.
А якія там навіны?
Мы на 154 месцы.
Апошняе займаюць, можа,
Нейкія плямёны, пігмэі...
Раней “Народная воля”, “Барысаўскія навіны”
Былі ў Белсаюздруку.
А цяпер не, паўсюль улада
Уткнула сваю касматую руку.
Як цярпець болей?
Чытач “Народнай волі”.”

Праграму працягвае выказваньне на іншую тэму:

Яцкевіч, Віцебск: “Сёньня пачуў песьню Высоцкага па-беларуску. Даражэнькія мае, якія б мы ні былі патрыёты, але гэтага рабіць нельга. Гэтаксама як нельга перамалёўваць да Вінчы ці яшчэ каго. Высоцкі — гэта эпоха савецкага часу. Пішыце лепш сваё і сваё прапагандуйце!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG