Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геаграфія Беларусі на Трыюмфальнай арцы


22 кастрычніка. Працяг фотаблогу з Парыжу. Сёньня абяцаныя ўчора нататкі пра некаторыя сьведчаньні славы і трыюмфу французаў (і ня толькі) на парыскіх вуліцах і плошчах і беларускую геаграфію на адным з такіх важных манумэнтаў.


Парыж – адкрыты падручнік гісторыі

Сталіца Францыі – велічны горад, многія вуліцы і плошчы якога названыя ў гонар герояў. Пантэоны, абэліскі, скульптуры, мэмарыялы і трыюмфальныя аркі нагадваюць французам пра іх воінаў: салдат 1812-га, двух сусьветных войнаў і каляліяльных войнаў у Паўночнай Афрыцы... Некаторыя кампаніі, у якіх удзельнічалі гэтыя героі, закончыліся бясслаўна. Але гэта не падстава забываць пра іх подзьвігі і пакуты.

Галоўная плошча Парыжу – Пляц Згоды. Сьціплая медная табліца ў яе цэнтры ўмантаваная ў пешаходныя пліты. Яна нагадвае, што ад пачатку плошча насіла імя Людовіка XV, а ў часе бурных і крывавых падзей 1792—1795 гадоў – называлася плошчай Рэвалюцыі. Яна была асноўным месцам публічных пакараньняў, тут ляцелі галовы і лілася кроў. Менавіта тут выканалі рэвалюцыйныя прысуды каралю Людовіку XVІ і каралеве Марыі Антуанэце. Пазьней нашчадкі забітага караля паставілі тут два фантаны, каб сымбалічна змыць гэтую кроў. Цяпер назва плошчы заклікае французаў да згоды.

Мэмарыяльная табліца нагадвае пра пакутніцкую сьмерць караля і каралевы


У сэрцы галоўнай плошчы галоўнага гораду Францыі – абэліск. Эгіпецкі. Эгіпецкі манарх Мэхмэд Алі падарыў Францыі два такія абэліскі. Другі застаўся ў замку ў Луксоры. Ерогліфы на парыскім абэліску пішуць пра слаўныя дасягненьні фараона Рамзэса Другога. Узамен французы падарылі эгіпцянам вежавы гадзіньнік, які ніколі не йшоў.

Абэліск на Пляцы Згоды зь ерогліфамі пра славу Рамзэса Другога


Імя імпэратара Напалеона Банапарта носіць адна з галоўных вуліцаў у цэнтры Парыжу. Некаторыя іншыя вуліцы носяць імёны замежных гарадоў, у якіх ён здабываў перамогі. Памяць салдат Напалеона таксама належна ўшанаваная.

Шыльда вуліцы Банапарта


На сьценах Трыюмфальнай аркі – падрабязны летапіс пераможных бітваў Напалеона і сьпіс захопленых ім гарадоў. Цяпер у самой арцы новая экспазыцыя “Паміж мірам і вайной арка распавядае пра гісторыю”.

Трыюмфальная арка


Па адной са сьценаў можна часткова вывучыць і геаграфію Беларусі: Магілёў, Полацак, Краснае, з баямі заваяваным у свой час арміяй Напалеона. Пра раку Бярэзіну, дзе на зваротным шляху з Масквы загінула вялікая частка Вялікай арміі Напалеона, тут згадкі я не знайшоў, затое раней бачыў францускі мэмарыял пад Барысавым. Французы памятаюць і пра вялікія паразы.

Назвы беларускіх гарадоў на парыскай Трыюмфальнай арцы


Сам Напалеон ляжыць у вялікім памяшканьні ў Доме інвалідаў, адразу за касьцёльным алтаром. Саркафаг ягоны з крывава-чырвонага мармуру. Месца крыху змрочнае.

Саркафаг Напалеона Банапарта


Памяць салдат не такіх далёкіх францускіх войнаў у Паўночнай Афрыцы ўшанаваная ў новым мэмарыяле непадалёк ад Эйфэлевай вежы.

Мэмарыял памяці францускіх салдат-ахвяраў войнаў у Альжыры, Марока, Тунісе


Непадалёк ад гэтага мэмарыялу на іншым канцы Марсавага поля ўсталяваны іншы сучасны манумэнт, які адлюстроўвае цяперашнія памкненьні французаў, – Сьцяна міру.

Надпісы “мір” на розных мовах


На гэтым завяршаю. Заўтра абяцаю прывесьці некаторыя фотаўражаньні ад парыскіх паркаў і сквэраў, гэта цікава, бо ўдалося тут засьпець бабіна лета.


Аўтамабілі з разэткамі. 21 кастрычніка

Фотаблог з Парыжу. 20 кастрычніка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG