Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Забойства В.Чаркасавай усё роўна калісьці раскрыюць”


Вераніка Чаркасава
Вераніка Чаркасава

Чатыры гады таму ў сваёй менскай кватэры ад рук невядомага забойцы загінула журналістка газэты “Салідарнасьць” Вераніка Чаркасава. Чаму дагэтуль злачынства не раскрыта?

Вераніка Чаркасава была забіта 20 кастрычніка 2004 году ў сваёй кватэры. Невядомы забойца нажом нанёс журналістцы дзясяткі ранаў, у тым ліку некалькі сьмяротных. Цела Веранікі Чаркасавай знайшлі яе 15-гадовы сын Антон Філімонаў і айчым Уладзімер Мялешка. Яны ж і сталі галоўнымі падазронымі ў асноўнай вэрсіі забойства, якую разглядалі сьледчыя пракуратуры Менску. Аднак пабытовая вэрсія ня вывела на сьлед злачынцаў, прызнаюць зараз у пракуратуры, дзе расьсьледаваньне прыпынілі. Кажа супрацоўнік гарадзкой пракуратуры Сяргей Балашаў:

“Падставай для прыпыненьня сьледзтва стала тое, што ня вызначылі асобаў, якія ўчынілі злачынства. Але, хаця сьледзтва афіцыйна прыпынена, апэратыўныя мерапрыемствы працягваюцца. Справа знаходзіцца пад кантролем кіраўніцтва пракуратуры Менску”.

Журналістка Вераніка Чаркасава шмат займалася актуальнымі праблемамі беларускай палітыкі, у тым ліку езьдзіла ў камандзіроўку ў Ірак у апошнія гады праўленьня Садама Хусэйна. Паводле некаторых зьвестак, рэжым Хусэйна нібыта купляў зброю ў Беларусі, і гэтая тэма магла зацікавіць Вераніку Чаркасаву. Загадкавая сьмерць журналісткі наводзіць яе былых калегаў на думку, што ёй маглі за нешта адпомсьціць ці забілі, каб яна не апублікавала нейкія сэнсацыйныя зьвесткі. Аляксандар Старыкевіч, рэдактар газэты “Салідарнасьць”, дзе працавала Вераніка Чаркасава, гэтак камэнтуе тое, што за 4 гады сьледзтва нікога не знайшло:

“Мы адпачатку меркавалі, што пры цяперашніх уладах забойцы ня будуць знойдзеныя. Гэта пацьвярджае нашу вэрсію пра палітычны характар гэтага забойства. Але лічу, што калі не праз 4, дык праз 14 ці болей гадоў усё роўна забойцаў знойдуць”.

Шмат хто з калегаў і сяброў Веранікі Чаркасавай мяркуюць, што іншых вэрсій, акрамя пабытовай, сьледчыя фактычна і не правяралі. Гэтак лічыць і маці журналісткі Дыяна Цімафееўна:

“Чамусьці ў іх няма жаданьня раскрываць гэтае забойства. Зь першага дня ў іх было адно жаданьне — усё зьвесьці да пабытовай вэрсіі і абвінаваціць непаўналетняга сына”.

Падставай для падазрэньняў адносна Антона Філімонава сталі зьвесткі пра званкі з мабільнага тэлефона Антона Філімонава, паводле якіх хлопец мог знаходзіцца непадалёк ад кватэры маці прыблізна ў час яе забойства. Антона Філімонава некалькі разоў дапытвалі як падазронага ў гэтай справе, але вінаватым сябе малады чалавек не прызнаў. Болей за два гады таму Антон Філімонаў зьехаў у Маскву, дзе жыве ягоны бацька, журналіст Дзьмітры Філімонаў.

Сёньня калегі Веранікі Чаркасавай зь Беларускай асацыяцыі журналістаў усклалі кветкі да помніку ёй на могілках у Калодзішчах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG