Карэспандэнт: "Андрэй, колькі вы праслужылі ў міліцыі?”
Левінаў: “15 гадоў: участковым інспэктарам, у службе дазнаньня, намесьнікам начальніка РАУС і зноў — участковым інспэктарам”.
Карэспандэнт: “Гэткім чынам вас пакаралі?”
Левінаў: “Мяне чарговым разам хацелі звольніць па надуманых прычынах. Аднак у іх нічога не атрымалася, а я пагадзіўся прадоўжыць службу простым участковым...”
Карэспандэнт:“Што дадавала аптымізму?”
Левінаў: “Найперш адносіны простых людзей — гэта давала падставы меркаваць: ты на сваім месцы. Ты патрэбен людзям, бо дапамагаеш ім. Што да начальства, дык мяне ніколі не цікавіла ягоная ацэнка”.
Карэспандэнт: “Ну а бывалі выпадкі, калі ад працы настрой прападаў?”
Левінаў: “Тое здаралася нават не ад прыдзірак кіраўніцтва — расчароўвалі калегі па службе. Нібыта ўсе афіцэры, а ўчынкі зусім не афіцэрскія. Здраджваюць, напрыклад… З каляіны выбівае найчасьцей звычайная чалавечая подласьць”.
Карэспандэнт: “Андрэй, цяперашняя беларуская міліцыя — народная ці “вэртыкальная”, уладная?”
Левінаў: “Натуральна, “вэртыкальная”. Нездарма ж кажуць і пішуць: аддзел унутраных спраў такога вось выканкаму. Плюс другое падпарадкаваньне — міністэрству”.
Карэспандэнт: “Чаму вы адчулі патрэбу стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў?”
Левінаў: “За 15 гадоў службы я зразумеў: законы трэба мяняць кардынальна. Ішоў у заканадаўцы, каб пабудаваць новае на тым, што ёсьць, памяняць права да лепшага. Бо цяпер усе законы зробленыя пад чынавенства, а зусім не пад шараговых грамадзянаў. А гэта трэба мяняць”.
Карэспандэнт: “Што вы ўведалі падчас выбарчай кампаніі пра народ і ўладу?”
Левінаў: “Новага пра ўладу — нічагусенькі: яна гуляе ў свае гульні па сваіх правілах і ніколі ня будзе захоўваць закон. Я ведаў пра тое й раней, але зараз адчуў на ўласнай скуры. А народ — як бы там ні было, разумее: і ў міліцыі ёсьць нармальныя людзі, якія выконваюць закон, а ня скачуць пад дуду вэртыкалі”.
Карэспандэнт: “І напрыканцы: людзі цяпер баяцца, беларускай міліцыі, паважаюць яе ці папросту лічаць за лепшае ня мець зь ёй справаў?”
Левінаў: “На жаль, часьцей яе не паважаюць. Больш — баяцца. Успрымаюць беларускую міліцыю толькі як карны орган”.