Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс можа замарудзіць прыватызацыю


Сусьветны фінансавы крызіс можа паўплываць на тэрміны рэалізацыі плянаў беларускага ўраду прыватызаваць да 2010 году больш за сотню дзяржаўных прадпрыемстваў.

Разам з тым ва ўрадзе Беларусі разьлічваюць на рост замежных інвэстыцыяў і зьбіраюцца правесьці ў Лёндане першы ў гісторыі Беларускі інвэстыцыйны форум.

Ва ўрадзе Беларусі створаная працоўная група, якая займаецца маніторынгам падзеяў на сусьветным фінансавым рынку і рыхтуе прапановы, каб цяперашні крызіс мінімальна адбіўся на беларускай эканоміцы. Пра гэта сёньня паведаміў намесьнік міністра эканомікі Беларусі Пётар Жабко. Групу ўзначальвае віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Непасрэднага ўплыву сусьветнага фінансавага крызісу на беларускую эканоміку, адтоку сродкаў інвэстараў ва ўрадзе не прагназуюць, бо замежныя інвэстыцыі складаюць толькі 3,5 працэнта ад агульных укладаньняў у эканоміку. У Беларусі ад сусьветнага крызісу можа пацярпець перш за ўсё экспарт, на які арыентавана 60 працэнтаў вытворчасьці, прызнаў намесьнік міністра эканомікі Пётар Жабко:

“Безумоўна, гэта нас неяк закране. Напэўна, стане цяжэй прадаваць нашу прадукцыю, таму што попыт зьменшыцца, ускладніцца экспарт. Трэба шукаць дадатковыя рынкі збыту. І пэўныя захады выпрацоўваюцца – дзеля таго, каб наступствы крызісу былі меней значнымі для эканомікі краіны”.

Паводле Пятра Жабка, беларуская эканоміка дэманструе стабільны рост — сёлета штомесяц фіксуецца рост ВУП каля 110 працэнтаў, павялічваюцца інвэстыцыі, беларускія банкі валодаюць належнай ліквіднасьцю:

“Калі ёсьць ліквіднасьць, то сёньня ставіць пытаньне аб тым, што штосьці кепска, нельга. Але разам з тым трэба адсочваць, глядзець, рабіць нейкія папераджальныя захады”.

Адным з магчымых захадаў можа стаць замаруджваньне амбітнай праграмы прыватызацыі, абвешчанай беларускім урадам. Сёлета ўрад пастанавіў да 2010 году выставіць на продаж акцыі 147 дзяржаўных прадпрыемстваў. Аднак, як вынікае са словаў Пятра Жабка, у сувязі зь фінансавым крызісам урад ня будзе сьпяшацца гэта рабіць. Спадар Жабко рэкамэндуе тут кіравацца прынцыпам: “Крызісы прыходзяць і сыходзяць”.

Тое, што заплянавана да рэалізацыі,— мы будзем гэта рабіць
“Тое, што заплянавана да рэалізацыі,— мы будзем гэта рабіць. Іншае пытаньне — наколькі гэта сёньня важна і патрэбна, навошта сёньня прадаваць за паўцаны, калі заўтра можна прадаць за тую цану, якой гэта каштуе?”

Сусьветны фінансавы крызіс замарудзіў актыўнасьць патэнцыйных інвэстараў. Аднак у беларускім урадзе спадзяюцца, што тэндэнцыя росту замежных інвэстыцыяў захаваецца. На гэта разьлічаны заплянаваны на 18 лістапада ў Лёндане міжнародны Беларускі інвэстыцыйны форум, арганізаваны з дапамогай лорда Бэла.

“Мы мяркуем, што гэта паслужыць штуршком для дадатковага прыцягненьня інвэстыцыяў. Пра нас даведаюцца болей. І што, нягледзячы на фінансавы крызіс, рух у наш бок будзе большы, чым сёньня. Бо ў нас і палітычная, і эканамічная стабільнасьць”.

Прычына аптымізму Пятра Жабка палягае і ў тым, што Беларусь пакуль не карыстаецца вялікім аб’ёмам непасрэдных замежных інвэстыцыяў. Сёлета за першае паўгодзьдзе іх сума склала 1,23 мільярда даляраў. Пётар Жабко дакляраваў, што дзеля прыцягненьня інвэстыцыяў беларускі ўрад будзе зьмяншаць падатковы ціск, здымаць бюракратычныя перашкоды для вядзеньня бізнэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG