Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША адмаўляе, што паплечнікі Трампа абмяркоўвалі ўдары па хусітах у сакрэтным чаце


Майк Уолц і Піт Гэґсэт
Майк Уолц і Піт Гэґсэт

24 сакавіка галоўны рэдактар амэрыканскага часопіса The Atlantic Джэфры Голдбэрг расказаў, што група прэзыдэнта Дональда Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ўключыла яго ў цалкам сакрэтны чат, дзе абмяркоўвалі вайсковыя ўдары па еменскіх хусітах.

Як перадае CNN, паводле Голдбэрга, абмеркаваньне адбывалася ў мэсэнджары Signal, які дазваляе абменьвацца зашыфраванымі паведамленьнямі. Журналіст сьцьвярджаў, што ў чаце ўдзельнічалі дарадца Трампа ў нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц (паводле Голдбэрга, менавіта Ўолц даслаў яму запрашэньне), віцэ-прэзыдэнт Дж. Д. Вэнс, дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, міністар абароны Піт Гэґсэт і дырэктарка Нацыянальнай выведкі Тулсі Габард.

У чаце, як напісаў Голдберг, удзельнік з імем Піт Гэґсэт апублікаваў зьвесткі «аб хуткіх ударах па Емэне, уключаючы інфармацыю аб мэтах, зброі, якую ЗША будуць разгортваць, і пасьлядоўнасьці ўдараў».

У чаце журналіст зьявіўся пад сваімі ініцыяламі JG. Ён мяркуе, што яго дадалі памылкова замест нейкага іншага высокапастаўленага чыноўніка Белага дому з такімі ж ініцыяламі.

Міністар абароны Гэґсэт заявіў, што ніхто з адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Трампа «не адпраўляў тэкставых паведамленьняў аб вайсковых плянах» у мэсэнджары Signal. Пра гэтую заяву міністра паведамляе CNN. «Гэта ўсё, што я магу сказаць наконт гэтага», — падкрэсьліў Гэґсэт.

Міністар назваў галоўнага рэдактара часопіса The Atlantic Голдбэрга «ілжывым і вельмі здыскрэдытаваным так званым журналістам».

Дзьве крыніцы CNN паведамілі, што Дональд Трамп раней быў паінфармаваны пра публікацыю The Atlantic. Падчас брыфінгу прэзыдэнт ЗША сказаў журналістам, што яму невядома аб уключэньні Голдбэрга ў чат.

«Я нічога пра гэта ня ведаю. Я невялікі прыхільнік The Atlantic. Для мяне гэта часопіс, які вось-вось закрыецца», — сказаў Трамп.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG