Сярод прадпрыемстваў, які будуць цяпер акцыянавацца, няшмат такіх, якія можна назваць "сямейным срэбрам" беларускай эканомікі. Але да іх несумненна можна аднесьці Менскі завод рухавікоў, БелАЗ, МАЗ, Наваполацкае і Гомельскае прадпрыемствы пра транспарціроўцы нафты "Дружба".
Дзяржава, аднак, не намерана траціць кантроль над акцыянаванымі прадпрыемствамі. „На першапачатковым этапе інвэстарам будуць прапанаваныя пакеты акцый да 25 адсоткаў ад статутнага фонду,” — працытавала агенцтва БелТА Ірыну Баркоўскую зь Дзяржаўнага камітэту ў справах маёмасьці. Баркоўская сказала, што дзяржава пакіне сабе 75 адсоткаў плюс адну акцыю ў прыватызаваных прадпрыемствах, каб быць ўпэўненай "у добрасумленных намерах інвэстара працаваць на беларускую эканоміку". "Некаторыя дырэктары нашых заводаў баяцца, што расейскі капітал прыйдзе і ўсё выкупіць," — дадала яна.
Эканаміст Леанід Злотнікаў, камэнтуючы для агенцтва БелаПАН зацьверджаны ўрадам трохгадовы плян прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, сказаў, што такое акцыянаваньне можа і не закрануць самой сыстэмы беларускай эканомікі. "Прыватызацыя можа азначаць максымальнае захаваньне ранейшай каманднай сыстэмы і спосаб прыцягненьня дадатковых інвэстыцый... Гэта ня тая прыватызацыя, якая спараджае рынкавую эканоміку, свабоднае прадпрымальніцтва, капіталістычную гаспадарку, адкрыты рынак,” — сказаў Злотнікаў.