Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патаемны сын: палітыка як мэксыканскі сэрыял


Напачатку перабудовы савецкія людзі захапляліся мэксыканскімі сэрыяламі, галоўны сюжэт якіх круціўся вакол высьвятленьня трапяткой праблемы, чый сын дон Пэдра. Зараз у беларускай палітыцы разварочваецца нешта падобнае.


Яшчэ летась на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнтам стане ягоны надзвычай таленавіты малодшы сын. Тады ўсе гадалі, пра каго ідзе размова, здаецца, Дзьмітры – малодшы сын кіраўніка дзяржавы ад шлюбу з жонкай Галінай, ніякімі асаблівымі здольнасьцямі не вызначаецца і, у адрозьненьне ад старэйшага брата Віктара, які стаў дарадцам прэзыдэнта, у палітыку ня лезе.

Але сёлета кіраўнік дзяржавы стаў паўсюль зьяўляцца з бялявым маленькім хлопчыкам: на суботніку, на конкурсе прыгажосьці, на хакейным матчы хлапчук паўсюль быў з Лукашэнкам.

Выступаючы ў Хойніках на гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, Аляксандар Лукашэнка паўтарыў, што прэзыдэнтам Беларусі стане ягоны малодшы сын. І тады ж агенцтва “Інтэрфакс”, камэнтуючы гэтае выказваньне, напісала, што ў кіраўніка дзяржавы ёсьць тры сыны – Віктар, Дзьмітры і малодшы чатырохгадовы Мікола.

Потым агенцтва зьняла гэтую інфармацыю, але яе шырока распаўсюдзілі многія мэдыі, у тым ліку і тыя, што маюць вялікія наклады. Пры гэтым ніякіх абвяржэньняў, судовых зыскаў да выданьняў за паклёп і сьвядомую хлусьню не было.

У нядзельнай праграме ОНТ “Контуры” , прысьвечанай паездцы кіраўніка дзяржавы на Берасьцейшчыну, ізноў фігураваў бялявы хлапчук. Пры гэтым было паказана, як падчас частаваньня блінамі ён спытаў Аляксандра Лукашэнку: “Тата, чаму ён халодны?” Дыктар гэтак жа халодна потым назваў хлапчука “Лукашэнкам-малодшым”, як быццам казаў нешта ўсім вядомае

Хто маці Міколы Лукашэнкі – не паведамляецца.

Дарэчы, дзяцей, ненароджаных у шлюбе, мелі многія кіраўнікі дзяржаваў. Толькі пасьля сьмерці прэзыдэнта Францыі Франсуа Мітэрана стала вядома пра ягоную дачку Мазарын, народжаную ад Анн Пэжно, якая мела нават свае пакоі ў Елісейскім палацы, рэзыдэнцыі свайго высокапастаўленага каханка. Дарэчы, Мазырын потым узяла прозьвішча бацькі і занялася палітыкай.

Прэзыдэнт Бразыліі Фэрнанда Дэ Мэла прызнаў свайго сына, народжанага па-за шлюбам , толькі калі таму споўнілася 18 гадоў, пасьля правядзеньня экспэртызы ДНК хлопца.

Іншыя гісторыі такога кшталту – хутчэй показкі, чуткі, але варта прывесьці і іх.

Па некаторых зьвестках, трэці прэзыдэнт ЗША Томас Джэфэрсан меў сына ад чорнаскурай рабыні. 22-га амэрыканскага прэзыдэнта Гровэра Кліўлэнда таксама абвінавачвалі ў тым, што ў яго ёсьць незаконна народжаны сын.

Пераемнік бразыльскага прэзыдэнта Дэ Мэла, Фэрнанда Энрыке Кардоза, паводле паведамленьняў мэдыяў, меў сына , народжанага па-за шлюбам, якому споўнілася 7 гадоў, калі бацька ўстаў на чале дзяржавы.

Аліна Фэрнандэс, якая называе сябе незаконна народжанай дачкой лідэра Кубы Фідэля Кастра, стала ягоным зацятым ворагам. Напачатку 1990-х яна пераехала ў ЗША, ва Флярыдзе ў яе было сваё радыёшоў, у якім яна кожную сераду выкрывала палітыку свайго бацькі.

Паводле чутак, цяперашні прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў – ніхто іншы, як незаконны сын свайго папярэдніка, знакамітага Туркмэнбашы. Так што, паводле гэтых чутак, усходняя традыцыя перадачы ўлады ў спадчыну ў дадзеным выпадку насамрэч захавалася.

Нарэшце, ізноў жа чуткі прыпісваюць незаконна народжанае дзіця поўнаму антыподу туркмэнскага дыктатара – лідэру дэмакратычнай Грузіі Міхаілу Саакашвілі.

Што ў гэтых чутках праўда, а што не – хто ведае. Праўда тое, што грэшны чалавек, кім бы і дзе б ён ня быў – на вяршыні ўлады ці на дне жыцьця. І здаецца, што гэты грэх – ня самы страшны. Дарэчы, Мазарын суправаджала Мітэрана ў афіцыйных паездках, выклікаючы зьдзіўленьне назіральнікаў, але хто яна такая, высьветлілася пасьля сьмерці Мітэрана. Аднак насуперак ягоным перасьцярогам французы паставіліся да гэтага граху свайго былога лідэра надзвычай спакойна. Чаго ў жыцьці не бывае.

Праўда, варта адзначыць, што звычайна пладам свайго незаконнага каханьня кіраўнікі не прызначалі ў спадчыну сваю пасаду. Але, магчыма, і размовы Аляксандра Лукашэнкі пра прэзыдэнцкія пэрспэктывы ягонага малодшага – гэта такі своеасаблівы гумар, маўляў, адчапіцеся ад мяне, не рыхтую я сябе ніякага пераемніка, вось малы будзе пераемнікам. Бо хаця, як адзначыў адзін з чыноўнікаў, прэзыдэнт у Беларусі “крыху вышэй за Бога”, па меншай меры адзінае, што яму не падпарадкоўваецца – гэта час. Што будзе праз 20-30 гадоў, калі Мікола Лукашэнка ўвойдзе ў больш-менш дарослы век, ведае якраз Бог, а зусім не кіраўнік дзяржавы.

А калі ўсё ж ... Ну што ж, зусім сюжэт мэксыканскага сэрыяла, бо што нашае жыцьцё, як не бясконцы сэрыял?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG