Патрабаваньні работніцы фабрыкі склалі пісьмова. Кажа адна зь іх, Галіна.
Галіна: “Мы напісалі, што нас не задавальняе заробак. Сюды прыйшлі швачкі, якія адпрацавалі па 15—20 гадоў і цяпер атрымліваюць па 170—200 тысяч рублёў. Не задавальняюць нас і ўмовы працы: зімой вельмі холадна ў цэху, тэмпэратура не вышэйшая за 15 градусаў. Летам сьпёка — няма ні кандыцыянэра, ні вэнтыляцыі, дах цячэ. Няма бытоўкі, прыбіральні нармальнай няма, вада толькі халодная. І не задавальняюць адносіны кіраўніцтва, бо абзываюць нас па-ўсякаму”.
Карэспандэнт: “А ці спрабавалі вы размаўляць з кіраўніцтвам фабрыкі?”
Галіна: “Нам кажуць, што фабрыка стратная, і больш нічога. І сказалі, што трэба яшчэ больш працаваць”.
А 16-й гадзіне на фабрыку прыехаў Мечыслаў Касьцюк і спэцыялісты райвыканкаму. Адбыўся сход на якім рабочым паабяцалі выправіць сытуацыю. Кажа работніца фабрыкі, Галіна.
Галіна: “Парашылі на тым, што дапаможа фабрыцы райвыканкам і будзе разгледжана пытаньне, каб нам павялічылі працэнты прэміяльных, бо іх ёсьць адкуль узяць. Выходзіць, што кіраўніцтва фабрыкі нас папросту падманвала. Яны стварылі камісію і сказалі, што праз тыдзень будзе вынік”.
Са слоў Галіны, работніцы фабрыкі настроены рашуча і калі зьменаў ня будзе гатовы працягнуць страйк.