Гэтая акалічнасьць стала нагодай для прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі павіншаваць самога сябе за прасоўваньне „палітыкі абароны эканомікі” і за арыентацыю на „нармальную мадэль разьвіцьця” ды пазьдзеквацца з „сьвядомай інтэлігенцыі” і „рыначнікаў” за адсутнасьць разуменьня гэтай палітыкі.
Выступаючы перад афіцэрамі КДБ 7 кастрычніка, прэзыдэнт Беларусі, у дадатак да віншаваньняў для самога сябе, зрабіў і больш глябальнае прадказаньне. Менавіта, Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне, што цяперашні фінансавы крызыс выкліча хвалю нацыяналізацыі прыватнай маёмасьці на Захадзе. Ну бо як іначай разумець ягоныя словы, што „на Захадзе хутка апамятаюцца і будуць трымаць свой нацыянальны здабытак у руках дзяржавы, як трымаем гэта мы заўсёды”?
Карацей, калі гэтае прадказаньне збудзецца, сьвет чакаюць перамены, якія маштабнасьцю сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў могуць зацьмяніць Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Расеі ды „культурную рэвалюцыю” ў Кітаі.
Я не эканаміст, каб прывесьці нейкія дакладныя доказы правільнасьці або памылковасьці гэтага прадказаньня беларускага прэзыдэнта. Але мяне насьцярожваюць некаторыя лічбы, што прыводзяць людзі, якія разьбірацца ў эканоміцы і сумняюцца, што Беларусь перажыве сусьветны фінансавы крызыс зусім спакойна.
Вось эканаміст Леанід Заіка зьвяртае ўвагу, што Беларусь на дадзены момант завінавацілася расейскім кампаніям на суму 8 мільярдаў даляраў. А золатавалютныя рэзэрвы краіны складаюць усяго 4 мільярды даляраў.
Заіка дадае, што насельніцтва трымае ў беларускіх банках раўнавартасьць 7 мільярдаў даляраў у ашчаднасьцях. Калі гэтыя грошы забраць беларусам, каб аплаціць расейскія рахункі, Заіка прагназуе, што цягам некалькіх дзён можа зьнікнуць беларуская дзяржава як такая. І Заіку я чамусьці веру, нягледзячы на тое, што ў Беларусі, паводле яе кіраўніка, „нармальная мадэль разьвіцьця”.
Калі не забіраць грошай беларусам, дык прыйдзецца пазычаць. А кошт пазыкаў расьце. Вось і можам мець адзін з чыньнікаў уплыву сусьветнага крызісу на Беларусь.
Беларусь да гэтай пары няблага зарабляла на перапрацоўцы расейскай нафты, нават пасьля таго, як Масква летась значна абмежавала гэтыя заробкі праз павышэньне экспартнага мыта. Цяпер выглядае на тое, што гэты нафтавы бізнэс стане яшчэ менш даходным
Расея ўжо адчувае наступствы сусьветнага фінансавага крызісу. Каля 35 адсоткаў экспарту і 55 адсоткаў імпарту Беларусі завязана на Расеі. Што будзе, калі крызыс у Расеі паглыбіцца? Прыгадайма расейскі крызіс 1998 году і яго наступствы ў Беларусі.
Дык ці застанецца Беларусь востравам эканамічнай стабільнасьці?
У гэтым, на жаль, ня ўпэўнены і сам Аляксандар Лукашэнка, які сказаў, што „ня выключана, што стане больш складана прадаваць тавары на экспарт”.
Ня выключана, што стане і больш складана працягваць беларускую „нармальную мадэль разьвіцьця”, калі галоўны экспартны тавар гэтай эканамічнай мадэлі — афіцыйная дружба з Расеяй — перастане каціравацца на крамлёўскай біржы.