Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч сказаў сёньня “Свабодзе”, што “ўсясьветны фінансавы крызіс толькі часткова закрануў Беларусь”:
“Крызіс у Расеі прывёў да таго, што расейскія банкі-нерэзыдэнты, а іх у Беларусі нямала, пачалі даваць менш валюты на наш унутраны валютны рынак. Гэта тычыцца, прыкладам, ВТБ, БелРосбанку, Белгазпрамбанку ды некаторых іншых. І калі раней яны завозілі валюту да нас з Расеі, дык цяпер вымушаны купляць яе ў самой Беларусі. Вось толькі гэтак нас закрануў фінансавы крызіс.
Па-другое, верасень — гэта канец трэцяга кварталу, калі найбольш праяўляецца сэзоннасьць. Пачынаецца падрыхтоўка да ацяпляльнага сэзону, і шмат валюты патрэбна на закупку энэрганосьбітаў.
Да таго ж напрыканцы кварталу нашы банкі разьлічваюцца за крэдыты, якія яны бралі ў замежных банках”.
Спадар Журавовіч кажа: банкі краіны ня могуць не рэагаваць на тое, што адбываецца вакол Беларусі:
“І яшчэ адна акалічнасьць, якая крышачку зьвязаная з усясьветным фінансавым крызісам. Беларускія банкі пачалі ствараць “падушку бясьпекі” для падтрыманьня сваёй ліквіднасьці. Гэта значыць, каб у іх былі рэсурсы для абслугоўваньня сваіх кліентаў. Эўра, як вядома, хістаецца. І банкі ствараюць свой запас.
А ў цэлым, як мне паведамілі, заяўкі на Беларускай валютнай фондавай біржы выконваюцца. Менавіта для гэтага Нацыянальны банк перавёў туды рэзэрвы, каб задаволіць попыт усіх кліентаў. Афіцыйны курс беларускага рубля застаецца ў рамках таго калідора, які вызначаўся Асноўнымі напрамкамі разьвіцьця краіны. І на сёньняшні дзень беларускі рубель гэтым самым толькі ўмацоўваецца”.
Кіраўнік аналітычнага фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што Нацыянальны банк мусіць пачынаць дэвальвацыю беларускага рубля. Інакш надыдзе пагроза зьнішчэньня золатавалютных рэзэрваў:
“Нацбанк праводзіць палітыку стабілізацыі беларускага рубля, недапушчэньня дэвальвацыі. Але тыя прычыны, якія прывялі да зьмяншэньня рэзэрваў, нікуды ня дзеліся. Наадварот, яны будуць яшчэ больш інтэнсіўнымі. Таму я думаю, што пагроза таго, што здарылася ва Ўкраіне, дзе грыўна дэвальвавалася больш як на 30%, у нас вельмі-вельмі значная.
Нацбанк гэта добра разумее. Але паколькі ёсьць калідор, акрэсьлены пяцігадовым ды іншымі плянамі, то ён часта палітызуе свае рашэньні”.
Падчас учорашняга наведваньня КДБ Аляксандар Лукашэнка задаваў пытаньне: “Хто меў рацыю: Лукашэнка са сваёй палітыкай абароны эканомікі і арыентацыі на нармальную мадэль разьвіцьця або тыя дзеячы, якія называюць сябе рыначнікамі?” Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што сёньня ў сьвеце за капейкі можна купіць добрыя сучасныя прадпрыемствы.
Яраслаў Раманчук адносіць сябе да лібэралаў-рыначнікаў. А на пытаньне кіраўніка дзяржавы ён адказвае так:
“Каб купіць прадпрыемства, найперш трэба мець грошы. А Беларусь за 15 гадоў палітыкі сацыялізацыі эканомікі нічога не зарабіла. Таму калі паглядзець, як беларускі капітал дзейнічае на зьнешніх рынках, то мы маем там мізэрную, адну дзесяцітысячную долю.
Таму, на жаль, мы ня можам разьлічваць на тое, што зьніжаныя цэны на нерухомасьць, актывы будуць спрыяць беларускай экспансіі капіталу. У нас, як вядома, усё праядаецца”.