Інвэстары з Султанату Аман яшчэ летась, падчас візыту ў Маскат Аляксандра Лукашэнкі, зарэзэрвавалі 25 гектараў тэрыторыі для пабудовы гатэляў, офісных будынкаў і жылых дамоў. Ці апраўданая такога кшталту архітэктурная інтэрвэнцыя? Ці ня страціць Менск апошнія рысы старадаўняга гораду?
Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму сваёй закрытасьцю канкуруе зь некаторымі сілавымі ведамствамі. Зрэшты, нічога дзіўнага: пад дахам камітэту нараджаюцца праекты, якія надоўга даюцца ў знакі гісторыкам, мастацтвазнаўцам, архітэктарам.
Тое ж адбываецца і вакол сумеснага інвэстыцыйнага праекту з Аманам. У згаданым камітэце адмовіліся казаць пра нейкія падрабязнасьці, хоць ня сталі абвяргаць, што ўсе ранейшыя пагадненьні застаюцца ў сіле. Нагадаю, у красавіку на міждзяржаўным пасяджэньні ў Менску было вырашана, што капаць катлавіны пачнуць ужо пры канцы гэтага году. Тады ж намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Генадзь Вырко адзначыў: пераадолены самы складаны ўчастак, калі нараджаецца праект, які задавольвае абодва бакі.
Экспэрты лічаць, што адной з “ахвяраў” у працэсе засваеньня гістарычнага цэнтру можа стаць 2-гі клінічны шпіталь – комплекс Сьвята-Траецкага кляштару базыльянак, які пачаў узводзіцца яшчэ ў XVII стагодзьдзі. Таксама пад знос заплянаваны будынак былой ВДНГ. Пляны аманскіх інвэстараў ахопліваюць 25 гектараў плошчы, уключаючы тэрыторыю станкабудаўнічага заводу імя Кірава (яго вынесуць у іншае месца) і вуліцу Янкі Купалы. У першым выпадку прапанаваны праект будаўніцтва жылога комплексу. На месцы выставачнага цэнтру і шпіталя плянуецца дзелавая забудова з гатэлем і спускам да Сьвіслачы.
За апошні год аманцы чатыры разы прыяжджалі ў Менск, удакладнялі нюансы. Падчас апошняга візыту ўвесну прадстаўнік інвэстара запэўніў, што гэта будуць “архітэктурныя шэдэўры”. Сьцьвярджаецца, што да праектаваньня прыцягнутая вядомая брытанская кампанія “Чэпмэн Тэйлар”. Гэтым інвэстар нібы падкрэсьлівае эўрапейскасьць праекту – маўляў, ня трэба засьцерагацца перабору ўсходніх матываў у архітэктуры будынкаў.
Паводле Генэральнага пляну разьвіцьця Менску, раён насамрэч падлягаў рэканструкцыі. Але ў некалькіх дзясятках мэтраў ад колішняй ВДНГ ужо ёсьць прыклад аднаўленьня гістарычных помнікаў: на вуліцах Гандлёвай, Кірылы і Мятоды паўсталі навабуды, якія ня маюць ніякага дачыненьня да мэтадаў рэстаўрацыі. Аманскі праект маецца рэалізаваць у тым ліку на месцы шпіталя, колішняга кляштару базыліянак. Цяпер гэта помнік 2-й катэгорыі.
Я пацікавіўся меркаваньнем спэцыяліста ў захаваньні архітэктуры савецкага пэрыяду, архітэктара-рэстаўратара Вадзіма Гліньніка адносна мэтазгоднасьці пераўвасабленьня гістарычнай тэрыторыі, на якой пакуль што дамінуе ўзор савецкага дойлідзтва – будынак выставачнага цэнтру:
зносіць помнікі архітэктуры, кляштары, дык гэта нават не дыскутуецца. Гэта праблема для пракуратуры, а не для абмеркаваньня”
Летась на разгляд сталічным уладам перадаў вынік сваёй шматгадовай працы былы Галоўны дзяржаўны інспэктар аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга. Плян рэканструкцыі і рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску вырашаў асноўныя праблемы захаваньня спадчыны, разьвязаньня транспартнага пытаньня. Праект тычыўся ў тым ліку і ўчастку, які, фактычна, цяпер аддадзены на водкуп арабскім інвэстарам...
Архітэктар Уладзімер Папруга як ніхто іншы знаёмы з мэтадамі працы гарвыканкамаўскіх чыноўнікаў, паколькі сам пэўны час адпрацаваў у гэтай сыстэме. На ягоную думку, цяпер адбываецца дэзінфармацыя замежнікаў, якія не зусім валодаюць беларускай спэцыфікай, а таму, калі ўжо браць прагматычны бок, папросту не разумеюць падводных цячэньняў падчас укладаньня інвэстыцый:
ідзе татальная дэзінфармацыя інвэстара наконт выгаднасьці менавіта такога рэжыму засваеньня
З рэалізацыяй аманскага праекту цэнтар Менску можа канчаткова страціць рэшткі свайго гістарычнага шарму, хоць пачатак гэтаму працэсу быў пакладзены значна раней. Узвышша, на якім цяпер стаіць тэатар опэры і балету, называлася Траецкай гарой. У XIV-XV стагодзьдзях гэта быў цэнтар Менску і там месьцыіўся гарадзкі рынак. Яго зьнесьлі ў 1930-х, калі пачалося будаўніцтва тэатру. Цяпер такі ж лёс можа чакаць і колішні кляштар базыліянак.