Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пуцін і Лукашэнка — гэта адна хеўра”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 7 кастрычніка, аўторак.


Прэм’ер-міністр Расеі Ўладзімер Пуцін з афіцыйным візытам наведаў Беларусь і правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Камэнтары слухачоў:

Спадарыня: “Людзі добрыя, што гэта будзе, калі на нашай тэрыторыі Пуцін хоча рабіць нейкую ваенную групоўку?! Хто ж з суседзяў мяркуе нападаць на нас? Я думаю, што ніхто, і мы таксама на нікога”.

Спадар, Менск: “Пуцін і Лукашэнка — гэта адна хеўра”.

Аляксандар Лукашэнка ўхваліў вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і назваў іх гістарычнымі. На гэтую ж тэму і выказваньні слухачоў:

Спадарыня: “Лукашэнка падзякаваў Ярмошынай. Хай ня радуюцца, яшчэ будуць плакаць. Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе”.

Анастас Семяновіч: “Так фальсыфікаваць умоўныя выбары Эўропе і Амэрыцы яшчэ трэба павучыцца”.

Спадарыня: “Выбары прайшлі дэмакратычна. Сьмех дый годзе! Як можна не паважаць сваіх людзей? Як можна ігнараваць правы чалавека, каб так пэрыядычна праводзіліся выбары?! Сорам! Яшчэ які сорам — так ставіцца да нашых людзей!”

У працяг тэмы — пытаньне, дасланае ў СМС-лісьце. “Шаноўная Свабода! Нядаўна прайшлі парлямэнцкія выбары. Наступныя, прэзыдэнцкія, адбудуцца ў 2011-м годзе. Цікава, а чым займаецца ЦВК i асабіста Лідзія Ярмошына ў пэрыяд паміж выбарамі? Няўжо адпачываюць?”

На пытаньне адказвае старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

“Самая галоўная нашая праца ў пэрыяд паміж выбарамі — гэта падрыхтоўка да чарговай выбарчай кампаніі. Акрамя таго, у ЦВК на ўзгадненьне прыходзіць шэраг законапраектаў, якія мы таксама разглядаем. Ну і, натуральна, нашая праца — гэта ўсё ж такі канцэнтрацыя ўсіх нашых высілкаў на чарговай выбарчай кампаніі”.

Спадар: “Хацеў бы, каб Радыё Свабода сказала пра псыхіятрычныя клінікі, куды рэжым адпраўляе нязгодных зь ім людзей, і якія там умовы”.

Выказваньне камэнтуе палітык і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

“Нельга казаць, што ў нас у масавым парадку выкарыстоўваецца рэпрэсіўная псыхіятрыя для палітычнага перасьледу апанэнтаў сёньняшняй улады. Але ж такія сымптомы і кепскія выпадкі ёсьць. Гэта выпадак з Крысьцінай Шацікавай і іншыя. Ёсьць такія прыклады, але пакуль яны маюць адзінкавы характар, і спадзяюся, што Міністэрства аховы здароўя не дазволіць уцягнуць сябе ў такую кепскую і брудную справу. А што да пытаньня ўтрыманьня ў гэтых месцах, то, на жаль, у нас як праваабаронцаў ёсьць падставы меркаваць, што гэтыя ўмовы значна горшыя, чым у беларускіх турмах”.

Далей выказваньні на розныя тэмы:

Сяргей Патаранскі: “Калі мы не зьберажэм сёньня творцу, калі мы ня будзем дбаць пра іх лёс, то ня будзе нацыі”.

Спадар: “Я абураны стаўленьнем улады да дробных прадпрымальнікаў. Такое ўражаньне, што ўлада хоча пазбавіцца дробнага бізнэсу”.

Спадар: “Хацелася б падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад горада Воршы і ўсебеларускага сьвята “Дажынкі”. Дык вось, як будавалі “пацёмкінскія вёскі,” так і працягваюць будаваць нават у Беларусі, толькі па-беларуску, а не па-расейску”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG