Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пахваліў беларускія выбары


Пуцін: “Яны прайшлі на высокім арганізацыйным і палітычным узроўні. Вынік выбараў кажа пра тое, што палітыка, якую вы праводзіце, карыстаецца падтрымкай народа”.

Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін сёньня знаходзіцца з рабочым візытам у Беларусі. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, Сяргеем Сідорскім ды старшыняваў на паседжаньні так званага саюзнага Саўміну. Пра нейкія канкрэтныя дамоўленасьці пакуль інфармацыі няма.

Самалёт Уладзімера Пуціна прызямліўся ў Беларусі са спазьненьнем амаль на дзьве гадзіны. Зь менскага аэрапорту расейскі прэм’ер накіраваўся на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні, сустракаючы маскоўскага госьця, заклікаў “даць нейкі дадатковы імпульс саюзным адносінам”. Спадар Лукашэнка канстатаваў, што ўсё ў саюзнай дзяржаве ідзе “ціха, сумна, някідка”. А людзі чакаюць чагосьці пэўнага:

“Можа, варта рэвізаваць тое, што ў нас створана ў нарматыўным пляне, у іншых адносінах, і выйсьці на нейкія больш пэўныя істотныя адносіны паміж нашымі дзяржавамі”.

А Лукашэнка абверг заявы ў СМІ, што, наладжваючы адносіны з Захадам, Беларусь гандлюе адносінамі з Расеяй.

У адказ Пуцін заявіў, што Расея пры неабходнасьці будзе падтрымліваць беларускую фінансавую сыстэму. Беларусь сапраўды разьлічвае атрымаць да канца гэтага году яшчэ адзін расейскі стабілізацыйны крэдыт памерам у 2 мільярды даляраў. Год таму Расея дала Беларусі на льготных умовах паўтара мільярда даляраў пазыкі. Пры гэтым спадар Пуцін сказаў, што Расея не здымае з парадку дня і пытаньне пераходу Беларусі на саюзную валюту.

Між іншага Ўладзімер Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь нядаўна праведзенымі парлямэнцкімі выбарамі:

“Паводле нашых ацэнак, яны прайшлі на высокім арганізацыйным і палітычным узроўні. Вынік выбараў кажа пра тое, што палітыка, якую вы праводзіце, карыстаецца падтрымкай народа”.

Менавіта новы беларускі парлямэнт, паводле ранейшых заяваў Лукашэнкі, мае разгледзець пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці грузінскіх сэпаратысцкіх рэгіёнаў — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Гэтае прызнаньне вельмі патрэбна Расеі. Аднак напярэдадні ананімная крыніца ў расейскім урадзе распаўсюдзіла інфармацыю, што Пуцін ня будзе прасіць афіцыйны Менск аб гэтым.

Разам з тым расейскія крыніцы паведамлялі, што ў часе сёньняшніх перамоваў мае абмяркоўвацца пытаньне разьмяшчэньня ў Беларусі з удзелам Расеі элемэнтаў супрацьракетнай абароны. Дамова аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны ў рамках саюзнай дзяржавы рыхтуецца ўжо больш за пяць гадоў, аднак безвынікова, бо Маскве і Менску не ўдаецца дамовіцца, хто ж будзе ёю камандаваць.

Яшчэ адно пытаньне, якое абмяркоўваецца беларускімі і расейскімі кіраўнікамі і эканамістамі, — кошты газу. Расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў назваў верагодную цану расейскага газу для Беларусі ў будучым годзе — 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Паводле кіраўніка беларускага ўраду Сяргея Сідорскага, кошт газу ня можа перавысіць 140 даляраў. З гэтых лічбаў, відаць, бакі і будуць зыходзіць у чарговых газавых перамовах, якія амаль ніколі не завяршаліся раней за сьнежань.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG