Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія прызнала паўнамоцтвы ўсіх 110 дэпутатаў, якія абралі 28 верасьня. ЦВК ня стала разглядаць шматлікія скаргі былых кандыдатаў у дэпутаты, якія прасілі прызнаць вынікі выбараў у іхных акругах несапраўднымі. Сёньня ж Цэнтравыбаркам вызначыў і дату першага паседжаньня Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня. Яно адбудзецца 27 кастрычніка.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на самым пачатку сёньняшняга паседжаньня паведаміла: паступілі 24 скаргі ад 20 былых кандыдатаў у дэпутаты. Але разглядаць іх Цэнтральная камісія ня будзе. Яна патлумачыла гэта адпаведнай працэдурай:
“Іхныя скаргі мы накіравалі ў акруговыя камісіі. Калі кандыдатаў не задаволяць рашэньні гэтых камісіяў, яны маюць права абскардзіць іх у Цэнтральную камісію”.
У сябры ЦВК з правам дарадчага голасу ад Партыі камуністаў Беларускай Алены Скрыган такое рашэньне выклікала сапраўдны шок:
“Цэнтральная камісія зрабіла так, што сёньня не былі разгледжаныя скаргі шматлікіх кандыдатаў у дэпутаты. А яны прыклалі да скаргаў вялікія стосы заяў, актаў аб парушэньнях. Таму яны прасілі акруговыя камісіі, Цэнтральную камісію прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Тлумачэньні Лідзіі Ярмошынай пра тое, што гэтыя скаргі вельмі аб’ёмныя, што там многа фактаў, сытуацыю не паляпшаюць. Яна тлумачыць, што калі там будуць падставы, дык мы зможам вярнуцца да гэтых скаргаў і прызнаць вынікі выбараў у нейкай акрузе несапраўднымі. Нічога гэтага ня будзе. І нам як сябрам ЦВК з правам дарадчага голасу ўжо абвясьцілі, што прысутнічаць на паседжаньні, дзе будуць разглядацца гэтыя скаргі, мы ўжо ня зможам. Маўляў, сёньня ўжо вынікі падведзеныя і нашы паўнамоцтвы скончыліся. А гэта азначае, што мы ня зможам нават задаць пытаньні, якія б мы хацелі задаць, каб паказаць, што ў гэтых скаргах ёсьць аб’ектыўнае”.
Галіна Сямдзянава, сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ, згадала, што пачынаючы з 2000 году АБСЭ ні разу не прызнала выбары ў Беларусі дэмакратычнымі. Таму яна прапанавала ЦВК пайсьці ў адстаўку. А перад самым галасаваньнем аб зацьвярджэньні паўнамоцтваў новых дэпутатаў спадарыня Сямдзянава дэманстратыўна пакінула залю паседжаньня:
“Я хачу сказаць: зараз будуць падводзіцца вынікі так званых выбараў. Я хоць ня маю права галасаваць, але прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве я лічу для сябе немагчымым”.