Цыганкоў: “Чаму літаральна за некалькі дзён да парлямэнцкіх выбараў амбасадар Сурыкаў зноў нагадае пра тое, што Расея вельмі зацікаўленая ў тым, каб Менск прызнаў незалежнасьць двух рэспублік? Ці можна лічыць гэта выпадковым супадзеньнем?”
Фёдараў: “Цяпер Расея вельмі хоча, каб незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі прызнаў хоць хто-небудзь з прыстойных дзяржаваў. Бо пакуль прызналі толькі Нікарагуа, рух “Хамаз”, Гагаўзія – і больш ніхто. Гэта проста зьнявага, ніхто з найбліжэйшых хаўрусьнікаў Расеі не ідзе на прызнаньне. Таму Масква зараз будзе выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб дабіцца гэтага прызнаньня.
Чаму за некалькі дзён да выбараў? Можа, гэта зьвязана з той заявай Лукашэнкі, што калі Захад не прызнае гэтыя выбары, тады Беларусь кіне весьці зь ім дыялёг. І такім чынам Расея карыстаецца момантам, нагадвае пра сябе – маўляў, калі там што не атрымаецца, мы вас чакаем у свае абдымкі”.
Цыганкоў: “24 верасьня была апублікаваная поўная вэрсія інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі замежным СМІ. Кіраўнік Беларусі там шмат казаў пра Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Наколькі доўга афіцыйнаму Менску ўдасца працягваць сваю пазыцыю чаканьня, ці магчыма і пасьля выбараў трымаць паўзу?”
Фёдараў: “З інтэрвію замежным СМІ вынікае, што пакуль пазыцыя застаецца нязьменнай – афіцыйны Менск трымае паўзу. Гэта зноў жа зьвязана з тым, як Захад адрэагуе на вынікі выбараў. Калі ён іх не прызнае, то дыялёг калі не спыніцца, то сыдзе на значна ніжэйшы ўзровень і стане менш інтэнсіўнасьць. Тады беларускім уладам нічога не застанецца, як зноў зьвяртацца да Масквы, -- але ў такім выпадку абысьціся без прызнаньня гэтых рэспублік будзе немагчыма. Колькі часу беларускае кіраўніцтва яшчэ здолее цягнуць з прызнаньнем? – менавіта будзе залежыць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі вакол парлямэнцкіх выбараў”