Аднаму са стваральнікаў нефармальнага моладзевага літаратурнага аб’яднаньня “Тутэйшыя”, аўтару кніг “Парк”, “Адзінота на стадыёне”, “Сьмерць — мужчына”, “Дамавікамэрон”, “Толькі не гавары маёй маме”, “Койданава”, “Новы дамавікамэрон”, “Post scriptum”, “Тэксты”, “Браслаўская стыгмата”, “Сшыткі”, “Дом”, “сУчасьнікі” і іншых сёньня споўнілася паўвека. Свой юбілей Адам Глобус сустрэў у гішпанскай Барсэлёне. Да яго датэлефанавалася Валянціна Аксак.
Пра творчасьць Адама Глобуса ходзяць самыя розныя чуткі і паданьні, часта даволі скандальнага зьместу. Асабліва вакол кніг яго адметнай прозы “Дамавікамэрон” і “сУчасьнікі”. Але ў ягонай паўвекавой душы па-ранейшаму жыве юначы рамантык і закаханы ў жыцьцё лірык. Пэўна, таму з усіх жанраў, падуладных ягонай музе, любімым засталася паэзія.
“Вершы больш за ўсё адпавядаюць мне як чалавеку. Цяпер вершы пішуцца вельмі рэдка, але гэта не азначае, што я іх менш люблю”.
За пражыты час пісьменьнік выснаваў для сябе вельмі простыя рэчы.
“Для мяне самае галоўнае ў гэтым сьвеце — любіць. Тым больш што я веру, што любоў бывае толькі ўзаемнай. Калі ты любіш гэты сьвет — ён табе адплачвае сваёй любоўю”.
Да свайго юбілею Адам Глобус атрымаў падарунак ад выдаўцоў: выйшлі адразу тры яго новыя кнігі. Адна зь іх — зборнік дэтэктываў “Замак”, другая — гэта зборнік эсэ і накідаў пад назовам “Play.by”, і трэцяя — кніга выбранай прозы “Convolutus”.
Пачынаў жа будучы паэт і празаік як мастак, у 1983 годзе ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З таго часу жыве ў ім няспраўджаная мара — зрабіць манумэнтальны росьпіс на нейкім цудоўным будынку, які б распавёў усю гісторыю Радзімы. Эскізы гэтага росьпісу ён стварыў трыццаць гадоў таму. Прычыны неўвасабленьня мары, — кажа Адам Глобус, — у самім нашым жыцьці.
“Наша краіна ня мае такога аб’екту, дзе патрэбен быў бы мастак, які расказаў бы ўсю гісторыю нашай Беларусі ня ў кніжцы, а ў карціне, у шэрагу карцін, у росьпісах”.
На пытаньне ж, што сам сабе пісьменьнік пажадаў у свой пяцідзясяты дзень народзінаў, ён адказаў:
“Каханьня. Я заўсёды сабе жадаю каханьня, таму што веру, што каханьне таксама бывае толькі ўзаемным”.