Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі Віцебшчыны скардзяцца на парушэньні


Незалежныя назіральнікі вымушаны зьвяртацца ў органы пракуратуры, бо выбарчыя камісіі адмаўляюцца зь імі супрацоўнічаць.


Паводле Барыса Хамайды, які праводзіць назіраньне на 34 участку Віцебскай-Чыгуначнай акругі № 19, сёньня зранку сябры камісіі заявілі, што прагаласаваць дома выказалі жаданьне 300 чалавек, аднак пісьмовыя заявы ад іх паказаць адмовіліся. Паводле сьпісаў, гэта траціна выбарцаў, зарэгістраваных на ўчастку.

“У 9:40 раніцы ўзялі пераносныя скрыні і сабраліся ехаць. Назіральнікі задалі пытаньні, колькі чалавек будзе галасаваць дома. Адказалі, што каля трохсот, але сьпісы не паказалі. Была складзена заява пракурору, пракурор прыехаў, паразмаўляў з камісіяй і сказаў, што дасьць адказ пісьмова. Пра гэта паведамілі таксама назіральнікам з АБСЭ”, — распавёў Барыс Хамайда.

На выбарчым участку № 44 у Віцебскай-Сельскай акрузе № 21 назіральнікам адвялі вельмі нязручныя месцы. Яшчэ зранку пратэстную заяву з гэтае нагоды напісаў апазыцыйны кандыдат Леанід Аўтухоў. Але адказу з пракуратуры няма, хоць, паводле выбарчага заканадаўства, адказаць мусілі неадкладна.

Пра праблемы з назіраньнем распавёў і віцебскі актывіст Міхаіл Брусьлякоў. У якасьці даверанай асобы кандыдата ад Эўракааліцыі Ігара Каныгіна ён працуе на выбарчым участку № 43 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі. Выбарчая камісія адмовілася даваць яму зьвесткі пра колькасьць тых, хто прагаласаваў на ўчастку.

Праваабаронца Павал Левінаў, які назірае за выбарамі як давераная асоба кандыдата Андрэя Левінава, свайго роднага брата, даведаўся пра вынікі галасаваньня на закрытых участках — у вайсковай частцы і ў 2-м абласным клінічным шпіталі. Потым ён апытаў выбарцаў — і, паводле ягоных падлікаў, колькасьць тых, хто прагаласаваў за незалежнага кандыдата, выявілася значна большай за тую лічбу, якую назвалі ў выбарчай камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG