Паводле сустаршыні Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоля Лябедзькі, папярэдняя ацэнка АДС — пра несвабодныя і недэмакратычныя выбары — у дзень асноўнага галасаваньня “абрасла моцнай мускулатурай”. Спадар Лябедзька сёньня асабіста наведваў выбарчыя ўчасткі, бо ў склад камісій не былі ўключаны ягоныя прадстаўнікі.
“Нам не даюць на некаторых участках нават дадзеных, колькі людзей прагаласавала датэрмінова. І ня толькі мне як кандыдату, але і міжнародным назіральнікам, двум паслам — Літвы і Італіі. Хаця гэта ж выбарчы працэс, а не вайсковая апэрацыя, дзе ўсё павінна быць засакрэчана”.
У першай палове дня на адным з участкаў у Навінках ужо падсумавалі вынікі выбараў. Анатоль Лябедзька сказаў:
“І там з 400, што прагаласавалі, недзе 360 — за прадстаўніка ад улады, 28 — за мяне. Але маю давераную асобу, якая там прысутнічала, не дапусьцілі назіраць. Ён застаўся на той жа дыстанцыі, як і на папярэдніх выбарчых кампаніях. Ён ня бачыў, так прагаласавалі ці не, ён ня мог назіраць за падлікам галасоў. І з усіх урнаў, якія там былі, у тым ліку вынасных, усё высыпалі ў вялікую гару... Я думаю, што паказьнік Навінак будзе характэрны і для ўсіх выбарчых участкаў. Прабачце, але гэта будзе палітычны дурдом”.
Паводле спадара Лябедзькі, Палата прадстаўнікоў будзе абрана ў выніку несправядлівага, нелегітымнага выбарчага працэсу.
“Я не выключаю, што можа недзе быць выключэньне, людзі змогуць прабіцца. І ўзьнікне праблема: можа быць легітымны дэпутат Палаты прадстаўнікоў і нелегітымная структура. І гэтую супярэчнасьць трэба будзе вырашаць праз палітычнае рашэньне, якое павінна прыняць кааліцыя”.
Сёньня на прэсавых канфэрэнцыях у сядзібе БНФ сябры АДС казалі пра мноства парушэньняў у выбарчым працэсе. Да прыкладу, Ігар Рынкевіч заявіў, што амаль цягам гадзіны назіральнікаў ад БСДП (Грамада) не дапускалі на шэраг выбарчых участкаў у Менску. Прадстаўнік АДС Аляксандар Бухвостаў падзяліўся вынікамі партыйнага назіраньня за выбарамі:
“Нічога з пункту гледжаньня дэмакратызацыі працэсу не адбылося. Гэта ўсё ў стылі, які існуе ў Беларусі, калі ўсім спрабуюць акуляры наставіць, што нібыта ёсьць нейкія зьмены, што мы ўсім даем роўныя правы, але ніякіх роўных правоў няма. Назіраньне паказвае, што тыя ж прынцыпы падрыхтоўкі да фальшаваньня застаюцца. Нічога істотнага не зьмянілася. Стаіць задача выканаць устаноўкі кіраўніцтва Беларусі”.
Актывістка Партыі БНФ Валянціна Сьвяцкая, якая балятуецца па Ясенінскай выбарчай акрузе ў Менску, параўноўвае выбары зь мінулымі:
“На 100 адсоткаў зьмяніўся настрой маіх выбарцаў, і я вельмі рада, што я іх падняла, зварушыла з таго месца, на якім яны знаходзіліся. І гэта паказвае тая актыўнасьць, зь якой яны ідуць галасаваць за мяне. Нягледзячы на тое, што ў мяне цудоўны настрой і выбарцы мяне ўвесь час падтрымліваюць, нельга гэтыя выбары прызнаваць як празрыстыя, сапраўдныя і дэмакратычныя. З гэтымі пазыцыямі выступаюць усе кандыдаты ад аб’яднаных дэмсілаў”.