Надрукаваўшы ўлёткі, кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту разносяць іх па дамох і кватэрах, раздаюць на пікетах і агітацыйных сходах. Але кандыдаты- апазыцыянэры адзначаюць, што іхныя канкурэнты – праўладныя кандыдаты – выкарыстоўваюць іншыя сродкі для распаўсюджваньня сваіх агітматэрыялаў.
Да прыкладу, кандыдат па Глыбоцкай выбарчай акрузе №22, сябра Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч распавёў, што ягоны супернік, старшыня Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка карыстаецца і тым, што завецца “адміністрацыйным рэсурсам”, і ўскоснымі сродкамі агітацыі – такімі, да прыкладу, як публікацыі ў мясцовай прэсе. Тым часам апазыцыянэру Берніковічу дзяржаўныя службоўцы адмаўляюць нават у тым, на што ён мае законнае права – у прыватнасьці, адмаўляюцца разьмяшчаюць ягоныя агітацыйныя плякаты.
“Вялікія цяжкасьці з разьмяшчэньнем агітацыйных плякатаў: вісіць плякат Андрэйчанкі, а мой плякат павесіць адмаўляюцца. Гэта ў крамах, у шапіках “Белсаюздруку”, у банку... Кажуць, што ў іх няма дазволу, а лепей было б наўпрост прызнацца, што ім гэта забаронена. З нумару ў нумар мясцовыя раёнкі – “Веснік Глыбоччыны”, “Родныя вытокі” ў Докшыцах, “Патрыёт” у Вушачах, а таксама абласныя “Народнае слова” і “Віцебскі рабочы” толькі й “піяраць” Андрэйчанку: то ён запальвае газавую паходню ў Параф’янаве, то адчыняе бібліятэку ў Глыбокім. Хаця цяпер, паводле заканадаўства, ён бы меў быць у адпачынку. І вось ужо другі дзень пошта разносіць улёткі Андрэйчанкі – укладаюць улётку ў газэты. Гэта ўжо не адміністрацыйны рэсурс, а адміністрацыйны “беспредел”!” – кажа Яраслаў Берніковіч.
Кандыдат па Віцебскай-Сельскай выбарчай акрузе №21 Леанід Аўтухоў, які таксама ёсьць сябрам Партыі БНФ, расказвае пра падобныя выпадкі. У райцэнтры Гарадок, дзе ён жыве, супрацоўнікі пошты распаўсюджваюць агітацыйныя ўлёткі ягонага праўладнага суперніка Васіля Байкова, які ўзначальвае абласны Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
Былі і праблемы з разьмяшчэньнем плякатаў. І калі адзін з такіх агітацыйных плякатаў аднойчы таемным чынам зьнік з таго месца, дзе ён быў павешаны з доўгімі спрэчкамі і апэляцыямі да выбарчага заканадаўства, спадар Аўтухоў быў вымушаны зьвярнуцца ў міліцыю.
“Мы ў адпаведнасьці з рашэньнем райвыканкаму разьмясьцілі агітацыйны плякат у памяшканьні аддзяленьня “Белпошты” ў Гарадку, – кажа Леанід Аўтухоў. – 15-га верасьня яго разьмясьцілі, а 16-га ён зьнік. Мы зьвярнуліся ў мясцовы РАУС, запатрабавалі знайсьці зладзеяў і пакараць іх. Ацанілі маральную шкоду і матэрыяльную шкоду на 1 мільён 750 тысяч беларускіх рублёў”.
Спадар Аўтухоў згадаў у заяве, пададзенай у міліцыю, што ўся агітацыйная прадукцыя да выбараў надрукаваная на дзяржаўныя грошы. І таму крадзеж або псаваньне плякатаў ці іншых агітацыйных матэрыялаў – гэта фактычна злачынства супраць дзяржавы. З гэтай нагоды ён і запатрабаваў распачаць крымінальную ці адміністрацыйную справу ды пакараць вінаватых. Але ўчора ўвечары высьветлілася, што справу ў міліцыі завялі супраць яго самога. Праўда, зь іншае нагоды: за тое, што ён нібыта разьмяшчае свае агітацыйныя матэрыялы ў неналежных месцах. Апазыцыйны кандыдат Аўтухоў пэўны, што ён нічога не парушыў, і сёньня зноў пойдзе ў раённы аддзел міліцыі, каб далей дабівацца справядлівасьці.