Паводле Яраслава Берніковіча з Глыбокага і Тацяны Севярынец зь Віцебску, гэтыя водгукі выключна пазытыўныя: людзі прапануюць апазыцыянэрам дапамогу і палітычную падтрымку.
Кандыдат па Глыбоцкай выбарчай акрузе №22, сябар Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч распавёў, што падрыхтаваў да друку ў раённых газэтах ня толькі сваю праграму, але й адмысловы зварот да выбарцаў: зьмясьціў кантактныя тэлефоны ды інтэрнэт-адрэсы, каб людзі маглі зьвяртацца да яго са сваімі пажаданьнямі, прапановамі або крытычнымі заўвагамі. Праграма была надрукаваная ў трох раённых газэтах, бо ў склад Глыбоцкай выбарчай акругі ўваходзяць Глыбоцкі, Вушацкі і Докшыцкі раёны. На зьдзіўленьне спадара Берніковіча, ніводнага негатыўнага водгуку ад сваіх патэнцыйных выбарцаў ён не прычакаў – першы ж тэлефонны званок быў з прапановай падтрымкі:
-- Ужо была разьмешчана мая праграма з кантактамі – гэта было зроблена для таго, каб павялічвалася колькасьць актыўных людзей, каб яны згуртоўваліся. І ўжо ідзе зваротная сувязь: людзі тэлефануюць, хочуць уступіць у нашу партыю. Гэтыя выбары скончацца, але жыцьцё будзе працягвацца – будуць і наступныя, прэзыдэнцкія выбары. Таму патрэбныя й новыя людзі для працы на карысьць нашай Бацькаўшчыны.
Паводле Яраслава Берніковіча, перадвыбарчая агітацыя – гэта выдатны сродак для напрацоўкі зваротнай сувязі з выбарцамі. Таму кандыдат асабіста распаўсюджвае ўлёткі у сваёй акрузе, каб мець магчымасьць зносіцца зь людзямі самым непасрэдным чынам.
Пра сувязі з выбарцамі, якія ўсталёўваюцца якраз у перыяд агітацыйнай кампаніі, распавяла і Тацяна Севярынец, якая балятуецца па 17-й Віцебскай –Горкаўскай выбарчай акрузе.
--Зваротная сувязь пачалася пасьля раскідваньня ўлётак. Да прыкладу, тэлефанавалі людзт, якія жывуць у маім доме, і наша прозьвішча ў іх “на слыху”. І вось спадарыня сказала, што яна вельмі добра ставіцца й да мяне, і да маёй плятформы, якая выкладзена ва ўлётцы. І яна нават ня хоча слухаць, што, апазыцыянэрам, мабыць, ня трэба ісьці на выбары. Кажа, што ўсё адно трэба, хаця яна перажывае, што я не набяру пэўную колькасьць галасоў, -- распавяла Тацяна Севярынец.
Яна кажа, што людзі гатовыя дапамагчы ёй у час выбарчай кампаніі, і таксама прапаноўваюць ёй далейшае супрацоўніцтва:
-- Маці з дачкой патэлефанавалі мне, запыталіся нават, хто я паводле знаку Задыяка, сказалі, што падзяляюць маю пазіцыю і што хацелі б чым-небудзь мне дапамагчы. І вось сёньня ўвечары я сустракаюся з гэтай дзяўчынай, каб распавесьці больш падрабязна пра Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю, і ўвогуле пра свае погляды. І пра тое, чым яна можа мне дапамагчы як кандыдату.
На думку Тацяны Севярынец, апазыцыйным кандыдатам цяпер патрэбная ня столькі практычная дапамога, колькі маральная падтрымка ў той справе, за якую яны ўзяліся. Бо ў пераважнай большасьці акругаў на Віцебшчыне апазыцыянэры мусяць канкураваць з праўладнымі кандыдатамі вельмі высокага ўзроўню, якім дастаткова задзейнічаць “адміністрацыйны рэсурс”, каб забясьпечыць сабе перамогу. Так, Тацяна Севярынец будзе спаборнічаць на выбарах са старшынём віцебскага гарсавету Генадзем Грыцкевічам, а Яраслаў Берніковіч з Глыбокага – са старшынём віцебскага аблвыканкаму Уладзімерам Андрэйчанкам.