Паводле аднаго з аўтараў ініцыятывы — намесьніка старшыні Вайскова-гістарычнага таварыства Ігара Пахлопкі — “вызваленчы паход Чырвонай Арміі ўвайшоў у гісторыю як бліскучая міратворчая апэрацыя, ён адгарадзіў Заходнюю Беларусь ад захопу гітлераўскімі войскамі і прынёс беларусам вызваленьне ад нацыянальнага прыгнёту з боку панскай Польшчы”.
Ініцыятыву актыўна падтрымала праўладная Кампартыя Беларусі. Паводле актывіста гэтай партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Катлярова, 17 верасьня 1939 году — гэта “вялікая дата”:
“Гэты дзень зрабіў вельмі шмат для беларускага народу, беларускай дзяржавы. У гэты дзень, калі ўзьядналі Заходнюю Беларусь і БССР, істотна памяняліся лёсы многіх людзей. Гэта сапраўды сьвята для многіх. А наколькі гэта значна, каб было дзяржаўнае сьвята? Канешне, 7 лістапада — гэта больш важнае сьвята”.
Пасьля 17 верасьня 1939 году сям’я Станіслава Шушкевіча змагла знайсьці шмат сваякоў у Заходняй Беларусі. Спадар Шушкевіч мяркуе, што гэты дзень сапраўды паспрыяў таму, што Беларусь сфармавалася ў цяперашніх межах. Але ня ўсё было так адназначна: шмат заходнебеларускіх грамадзян, у тым ліку выбітных дзеячаў, было рэпрэсавана, на заходніх землях Беларусі пачалася калектывізацыя і іншыя заганныя кампаніі савецкай улады. Гаворыць Станіслаў Шушкевіч:
“Ня трэба гэта рабіць сьвятам, гэта ня сьвята. Гэта вырашэньне пэўнага тэхнічнага пытаньня, і ня вельмі прыстойнымі сродкамі. Таму што фактычна гэта было выкананьне пакту Рыбэнтроп—Молатаў, і цяжка цешыцца гэтым”.
Паводле спадара Шушкевіча, некаторыя беларусы, зыходзячы са сваіх сямейных абставінаў ці прынцыповых меркаваньняў, могуць лічыць 17 верасьня сьвятам. Але аб’яднаць і ўсходніх, і заходніх беларусаў павінна іншая дата:
“Вось я думаю, што, можа, для чалавека, якога я паважаў і меў шчырыя гутаркі на гэтую тэму, для Максіма Танка, можа, гэта было б і сьвята. Але калі браць, якія сьвяты пераважаць, то трэба 25 сакавіка рабіць дзяржаўным сьвятам. Мне здаецца, для ўсіх яно сьвята, для ўсіх беларусаў”.
Менскі гісторык Аляксей Кароль перакананы, што вынік падзеяў 1939 году гістарычна апраўданы, бо злучыліся дзьве часткі Беларусі, была ліквідаваная гістарычная несправядлівасьць Рыскай дамовы 1921 году.
Аднак ня трэба забываць, што сам паход быў вынікам змовы сталінскага і гітлераўскага рэжымаў, якія ня бралі ў разьлік інтарэсы беларускага народу. І трэба памятаць, што Заходнюю Беларусь прыядналі ня столькі да БССР, колькі да СССР, кажа спадар Кароль.
“Гэта была агрэсія, і лічыць гэта Днём адзінства беларускага народу ніяк не выпадае. Гэта гістарычна не апраўдана, а палітычна можа мець наступствам далучэньне Беларусі да Расеі, бо гэта было ўвасабленьне той самай расейскай імпэрскай палітыкі”.
Праўладным камуністам, якія прапанавалі надаць дню 17 верасьня статус дзяржаўнага сьвята, гісторык Аляксей Кароль нагадаў, што пасьля 1939 году ад масавых рэпрэсій сталінскага рэжыму пацярпелі ня толькі заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы, палякі-асаднікі, сяляне, але і КПЗБ:
“Кампартыя Заходняй Беларусі, якая змагалася за ўзьяднаньне, якая абапіралася на падтрымку Савецкага Саюзу, была абвешчана Сталіным правакацыйнай. І амаль уся КПЗБ была рэпрэсаваная. Пэўная рэабілітацыя КПЗБ як арганізацыі адбылася толькі на пачатку 80-х гадоў”.