Нагадаем, што раней, у сувязі са справай 16-гадовай Тані Казыры, якая не пажадала вярнуцца з такой аздараўленчай паездкі ў Каліфорнію, беларускія ўлады ўвялі забарону на выезд дзяцей у ЗША, Нідэрлянды і Нямеччыну. Інтэрвію ўзяла карэспандэнтка нашага радыё Фарангіз Наджыбалаг.
Радыё Свабода: Якой была Ваша рэакцыя, калі Вы пачулі пра забарону паездак дзяцей у Ірляндыю?
Эйдзі Роч: Калі я пачула гэтую вестку праз амбасаду ў Лёндане дакладна два тыдні таму, мне пачало ціснуць у страўніку і мне зрабілася сапраўды блага. Бо тыя, каго гэтая забарона закранае ў найбольшай ступені, гэта каля 50 тысяч дзяцей, якія штогод выяжджаюць зь Беларусі ў розныя краіны Эўропы ды Злучаныя Штаты і Канаду. Цягам дваццаці двух гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы сотням тысяч дзяцей падавалі гэты ратавальнае кола, каб пакаленьні беларусаў расьлі здаровымі і моцнымі ды нараджалі здаровых дзяцей. Тыя, каго гэта найбольш закранула, гэта дзеці, якія прыяжджаюць у краіны такія як Ірляндыя, Нямеччына і ЗША дзеля мэдыцынскага абсьледаваньня, лячэньня і, зразумела, дзеля адпачынку і аднаўленьня сіл, што зьяўляецца мэтаю пераважнай бальшыні паездак. Мы былі шакаваныя, бо гэта было ратавальнае кола, кінутае дзецям. Для іх, ведаеце, гэта магчымасьць пабачыць іншую культуру, іншы народ; а для бацькоў, калі ў іх ёсьць бацькі, гэта магчымасьць убачыць, што іх дзеці могуць паправіцца, калі іх забраць з забруджанай радыяцыяй зоны і калі яны не ядуць забруджанай радыяцыяй ежы і не дыхаюць забруджаным паветрам.
Я думаю, што тут ёсьць парушэньне правоў чалавека, канкрэтна, права чалавека на свабоду перамяшчэньня. Мы можам зразумець рэакцыю беларускага боку на сытуацыю, якая ўзьнікла ў Злучаных Штатах, калі адна дзяўчына вырашыла там застацца. Але шкада, што гэты адзіночны выпадак займеў такія нядобрыя наступствы для дзясяткаў тысяч іншых дзяцей.
Што будзе далей? Мы спадзяемся, што кожная краіна ў Эўропе пастараецца арганізаваць спатканьні на высокім узроўні, як гэта зрабілі мы ў Ірляндыі, каб дамагчыся выключэньня з гэтай забароны на кароткі пэрыяд, каб дзеці маглі выехаць на Каляды, і на даўжэйшы пэрыяд, праз міжурадавыя пагадненьні аб апецы над дзяцьмі і іх бясьпецы. Такі падыход мы прынялі ў Ірляндыі. Мы спадзяемся, што Ірляндыя стане абаронцам дзяцей у гэтым пытаньні. Мы сказалі нашаму міністру замежных справаў, калі я зь ім спаткалася ў панядзелак: спадар міністар, гэта не палітычнае пытаньне, яно датычыць выключна правоў дзіцяці, яно датычыць выключна чалавечай спагады і гуманітарнай сфэры. Мы просім падпісаць такое пагадненьне, якое дало б магчымасьць Ірляндыі і Беларусі пераламаць гэтую сытуацыю і зьняць забарону.
Учора наш амбасадар правёў спатканьні на высокім узроўні ў Менску, куды ён прыехаў з Масквы, каб абмеркаваць цяперашняе становішча. А сёньня, калі мы гаворым, беларуская дэлегацыя ляціць у Ірляндыю на перамовы. Я гавару з абодвума бакамі. Мы ў гэтым пытаньні захоўваем нэўтральнасьць, бо наша зацікаўленасьць у дасягненьні кампрамісу мае на ўвазе толькі дабро дзяцей, якія прайгралі тут найбольш. З гэтай нагоды вельмі шмат людзей прыбіта горам ў Нямеччыне, Францыі, Гішпаніі, Партугаліі, Амэрыцы, Канадзе, Англіі, Шатляндыі, Валіі. Усе тыя, што прымаюць дзяцей кожны год — яны прыбітыя горам, бо яны ведаюць, як важныя гэтыя паездкі, як важныя яны для здароўя дзяцей. Адзін месяц, праведзены ў чыстым асяродзьдзі, дадае ім два гады жыцьця. Навукоўцы ў Беларусі кажуць нам, што дзеці, якія выяжджаюць за мяжу ўсяго на адзін месяц, у змозе зьнізіць узровень радыяцыі ў арганізьме на 50 адсоткаў.Так што, акрамя культурных, адукацыйных і чыста людзкіх фактараў, тут ёсьць і надзвычай важны практычны, мэдыцынскі фактар у гэтым.
Радыё Свабода: Ці пасьля спатканьняў ірляндзкага амбасадара ў Менску зьявілася нейкая надзея, што забарона на паездкі дзяцей за мяжу будзе зьнятая?
Эйдзі Роч: Гэта цяжкае пытаньне. Гэта быў усяго пачатак працэсу абмеркаваньня і дыялёгу. Тут патрэбны час. Мы папрасілі дзьвюх рэчаў: часовага выключэньня Ірляндыі з забароны і доўгатэрміновага пагадненьня. Абмеркаваньне пагадненьне патрабуе болей часу. Мы правялі спатканьні на ўзроўні парлямэнту і міністэрства замежных справаў. Наш міністар замежных спраў Майкл Марцін — цудоўны чалавек. Ён выступіў зь вельмі моцнай заявай для ірляндзкага тэлебачаньня і газэт у панядзелак у падтрымку паездак дзяцей у Ірляндыю. Ён сказаў вельмі правільныя рэчы. Я маю надзею, што пасьля сёньняшняга спатканьня зь беларускай дэлегацыяй, у якой прымуць удзел прадстаўнікі трох ірляндзкіх міністэрстваў, знойдзецца спосаб заключыць пагадненьне, якое будзе задавальняць абодва бакі, калі абодва бакі ўзьнімуцца ад стала перамоваў з пачуцьцем дасягнутай перамогі, у якой сапраўднымі пераможцамі будуць дзеці.
Я буду змагацца да апошняга дыханьня, каб дзеці маглі да нас прыяжджаць, я парушу ўсе даступныя мне палітычныя рычагі, каб мая думка дайшла да ўсёй Ірляндыі. Я зьвярнулася да цэлай краіны, каб яна падтрымала нашага міністра замежных справаў, які сёньня паспрабуе заключыць патрэбнае пагадненьне. Лёс гэтых дзяцей адгукаецца ў сэрцы кожнага з нас. Дваццаць два гады мы падтрымлівалі гэтыя кантакты і мы хочам іх працягваць, таму што нам застаецца яшчэ шмат працы. Беларускі ўрад нядаўна пагадзіўся даць маёй арганізацыі мільён даляраў на пабудову двух дзіцячых садзікаў у двух вельмі бедных рэгіёнах. Мяне турбуе думка, што калі палітычна ўсе застануцца ў сваіх акопах, дык такога роду фінансаваньне можа быць спыненае. У нас вялізныя інвэстыцыйныя пляны ў Беларусі ў доўгай пэрспэктыве. Так што мы хочам гэтага пагадненьня ня толькі для дзяцей, але і дзеля нашага доўгатэрміновага супрацоўніцтва зь людзьмі ў Беларусі.