Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дай вам уладу -- усім бы раты пазатыкалі!”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 8 верасьня, панядзелак.


У Барысаве прайшло штогадовае сьвята — Дзень беларускага пісьменства. Выказваньне слухачкі:

Спадарыня: “Вельмі добра, што ў Барысаве праходзіць Дзень пісьменства. Гэта патрэбная справа. Але засмучае толькі тое, што ў нас родная мова не паважаецца, бо мы рэдка калі зьвяртаемся да роднага слова. Нашы чыноўнікі, нашы навукоўцы, нашы пэдагогі... Першага верасьня дзеці пайшлі ў школу, але ж яны ня чуюць роднага слова. Таму што дыялёг вядзецца на расейскай мове!”

Эўразьвяз заяўляе пра магчымасьць адмены санкцыяў супраць Беларусі. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадар: “Калі Амэрыка ўводзіла эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, Дзярждэп сказаў: ня будзе палітзьняволеных — ня будзе эканамічных санкцый. Палітзьняволеных усіх выпусьцілі, аднак санкцыі зьнялі толькі на паўгода”.

Спадар Зіноўеў: “Пытаньне да Дашкевіча і Мілінкевіча: ці павінны ЗША адмяніць санкцыі толькі пасьля рэгістрацыі “Маладога Фронту” і руху “За Свабоду?”

На пытаньне адказваюць старшыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і намесьнік Аляксандра Мілінкевіча ў руху “За Свабоду” Віктар Карняенка.

Дашкевіч: “Думаю, што ЗША паступілі пасьлядоўна, адмяніўшы частку санкцыяў па вызваленьні палітзьняволеных. А рэгістрацыю “Маладога фронту” і руху “За Свабоду” пры цяперашняй уладзе ў краіне я лічу немагчымай. Бо зарэгістраваўшы, да прыкладу, “Малады фронт”, яны даюць нам законную мажлівасьць ісьці ў школы і ВНУ і даносіць сваю пазыцыю. А гэта для сёньняшняй улады сьмерці падобна. Бо ідэалёгія пралукашэнкаўская, прабээрэсэмаўская і прасавецкая — яна ня здольная вытрываць канкурэнцыю на свабодным рынку. Таму лічу, што ЗША не павінны ставіць гэтую рэгістрацыю прыярытэтам. На гэты момант ёсьць больш актуальныя праблемы ў беларускага грамадзтва”.

Карняенка: “Наколькі мне вядома, ЗША ўжо адмянілі эканамічныя санкцыі адносна двух прадпрыемстваў. І гэта было зроблена, калі рэжым прадэманстраваў, што ён можа прынцыпова мяняцца. Што да рэгістрацыі, то мы будзем дамагацца, каб нашыя арганізацыі зарэгістравалі. І Лукашэнка таксама павінен дэманстраваць і рабіць новыя крокі, каб радыкальна зьмяніць сытуацыю ў дачыненьнях з Захадам. Я лічу, што гэта правільная і ўзважаная палітыка ЗША, якая дае плён”.

Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — адна з тэмаў, якую працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды”.

Віктар Дашкевіч, Капыльскі р-н: “Цяпер ідуць спрэчкі наконт выбараў: байкот ці гуляць да канца. Маўляў, трэба выкарыстоўваць магчымасьці ісьці да людзей і распавядаць, што вырабляюць чыноўнікі. Каб байкатаваць, патрэбныя факты, вядомыя аргумэнты. Да байкоту трэба рыхтавацца загадзя. Гэтыя дэбаты адбываюцца шторазу, калі праходзяць выбары. Колькі ж можна ісьці і так і не даходзіць да людзей?!”

Спадар Уладзімер, Мозыр: “Спадар Лябедзька лічыць сябе гегемонам і ў круглых сталах, экспэртызах “Свабоды”. Ужо наўпрост дае ўказаньні ўсім беларусам, ці ісьці ім на выбары, ці не.”

Спадарыня Зайчонак, Менск: “Апазыцыя, яшчэ далёка выбары, а вы выступаеце за байкот! Што вы за людзі?! Хацела галасаваць за Лябедзьку. А цяпер нізавошта. Лепш бы казалі, як пражыць за 250 тысяч пэнсіянэру. Толькі і чую: “Мову! Мову!” Дай вам уладу, усім бы раты пазатыкалі”.

Спадар: “Я хачу ведаць, хто па Хойніцкім раёне вылучаецца ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. І не адзін я ня ведаю”.

На пытаньне адказвае кіраўнік інфармацыйнага цэнтру Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Юры Пацёмкін:

“Па Хойніцкай выбарчай акрузе № 47 на гэты момант, на жаль, няма ніводнага кандыдата ў дэпутаты ад дэмакратычных сілаў. У гэтай акрузе балятаваўся Леанід Судаленка — сябар АГП, ён быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, але вырашыў зьняць сваю кандыдатуру. Ён патлумачыў гэта тым, што немагчыма ўдзельнічаць у выбарах і разьлічваць на іх станоўчы вынік, калі ў склад участковых і акруговых камісіяў ня ўключаныя прадстаўнікі АДС. Але Леанід Судаленка не спыняе кампаніі, якая ўяўляе сабой тлумачэньні выбарцам пра становішча ў Беларусі і пра тое, які недэмакратычны характар мае гэтая выбарчая кампанія”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя тэмы:

Спадар: “Я б хацеў бы параіць спадару Казуліну размаўляць па-беларуску, вывучыць беларускую мову. А калі ён так ня зробіць, ён лідэрам ня стане. Асабліва нацыянальным — ня стане”.

Спадарыня: “Цяпер многа гавораць пра Расею і маленькую Грузію. Мабыць, яшчэ колькі дзясяткаў год таму Расея сьцерла б маленькую Грузію сваімі хмарамі танкаў. А сьвет зьмяніўся, мацнее. Сьвет мяняецца да лепшага”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG