Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу


Агітацыйная перадвыбарчая кампанія, якая працягнецца да 27 верасьня, пакуль абмяжоўваецца выступамі кандыдатаў у дэпутаты па радыё і тэлевізіі. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў зьбіраюцца агітаваць супраць “выбарчага фарсу”.

Тры кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч і Ганна Ягорава — перадалі ў газэту “Рэспубліка” агульную праграму для публікацыі. Аднак у рэдакцыі друкаваць яе адмовіліся. Паводле намесьніка галоўнага рэдактара газэты Міхаіла Валькоўскага, кандыдаты парушылі закон:

“Яны прадставілі праграму партыі. Вы адчуваеце розьніцу паміж праграмай партыі і праграмай кандыдата? Ёсьць закон, якім я кіруюся. Там чорным па белым напісана — чатыры тысячы знакаў праграмы кандыдата, пэрсанальна што ён будзе рабіць, каб жыцьцё стала лепш. А замест гэтага прынесьлі вялікую “пугу”, якая ні ў якія памеры ня ўлазіць”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, пададзены тэкст ад трох кандыдатаў вытрымлівае неабходны памер.

“Яны ня ведаюць, што ў нас ёсьць і партыйнае вылучэньне і ўсе мы ідзём як сябры АГП. І наша выбарчая праграма — гэта праграма, якая прынятая на зьезьдзе партыі. Проста не падабаецца частка праграмы, якая робіць аналіз сёньняшняй сытуацыі. Яна вельмі жорсткая, крытычная. І ўрадавая газэта, відаць, ня хоча, каб гэта чыталі. Мы разглядаем гэта як цэнзуру. Мы думаем, як выходзіць з гэтай сытуацыі, бо любыя звароты ў пракуратуру і суд бессэнсоўныя”.

Сёньня спадару Лябедзьку дадзены эфір на радыё “Сталіца”. У запісаным выступе ён заклікаў выбарцаў 28 верасьня выйсьці на вуліцу.

“Калі ёсьць фальсыфікацыі, то супраць гэтага трэба пратэставаць. І я казаў пра тое, што трэба выходзіць на вуліцу. Нельга прызнаваць гэтую выбарчую кампанію ні справядлівай, ні легітымнай”.

Сёньня першаму намесьніку старшыні Партыі БНФ Вінцуку Вячорку Цэнтравыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Спадар Вячорка назваў гэтае рашэньне палітычным:

“Мая нерэгістрацыя, як і нерэгістрацыя вялікай колькасьці дэмакратычных прэтэндэнтаў, яшчэ раз пацьвярджае, што выбараў, як адлюстраваньня волевыяўленьня народу, у нас няма”.

Камэнтуючы ход перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі, спадар Вячорка адзначыў:

“Уладзе гэтая кампанія ня трэба. Там, дзе ім трэба будзе, там яны намалююць патрэбныя вынікі, бо ва ўчастковых камісіях пабочнага вока няма. Магчыма, дзе-нідзе ім і яўкі асабліва ня трэба. Гульня ў быццам бы лібэралізацыю скіравана выключна навонкі. Мы ж ведаем, жывучы ў Беларусі, што ніякай асаблівай лібэралізацыі параўнальна з папярэднімі кампаніямі няма абсалютна. Хутчэй наадварот”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч адмову ў рэгістрацыі не абскарджваў:

“Таму што сойм БНФ прыняў рашэньне аб зьняцьці кандыдатаў. І я і без пасьведчаньня кандыдата правяду агітацыю супраць выбарчага фарсу на сваёй акрузе распаўсюдам агітацыйных матэрыялаў, арганізацыяй пікетаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG