Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па-беларуску толькі 5% тэле- і радыёпраграм


У Міністэрстве інфармацыі Беларусі паведамілі, што на сёньня афіцыйна зарэгістраваныя 215 тэле- і радыёпраграм. І толькі 5% зь іх выкарыстоўваюць цяпер беларускую мову ў сваіх інфармацыйных перадачах. Чыноўнікі кажуць, што да канца году і гэты паказчык можа зьнізіцца.


Сёлета Салігорская тэлекампанія СТК адмовілася ад беларускай мовы. Прычыну тлумачыць галоўны рэдактар Святлана Скрыпнік:

“У Беларусі — двухмоўе. І, як паказваюць апытаньні, большасьць аддае перавагу расейскай мове”.

Карэспандэнт: “Тое, што перадаецца на расейскай мове (вы кажаце пра 75%), — гэта адбываецца па жаданьні аўдыторыі вашага тэлеканалу?”

“Так, так. Мы праводзілі апытаньні. Да прыкладу, раней мы ўсе навіны агучвалі на беларускай мове. І толькі ад пачатку гэтага году пачалі размаўляць на рускай мове”.

Непадалёк ад Салігорску — Слуцак, Старыя Дарогі, Любань. Далей — Рэчыца, Жлобін, Гомель. Усюды раённае радыё гаворыць па-расейску. Пра адмову ад беларускасьці інфармуе галоўны рэдактар рэчыцкай тэлерадыёкампаніі Яўген Дудкін:

“Ну а чаму б не? Мы, уласна, ніякіх дасьледаваньняў на гэтую тэму не праводзілі. І, каб не хлусіць, увагі гэтаму не надавалі. Рэчыца ўсё ж горад прыежджых людзей. Тых жа самых нафтавікоў, напрыклад”.

Працэс ужо глыбока зайшоў. Выкладаньне ў школах — на рускай мове. Кіраўнікі гавораць толькі на рускай мове. Калі ты гаворыш па-беларуску, то на цябе як на малпу паглядаюць
У 1996 годзе рэдактар раённага радыё ў ПетрыкавеВячаслаў Герасіменка быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету менавіта за папулярнасьць мясцовага беларускамоўнага радыё. Сёньня ён кажа, што рэдактарам у Петрыкаве працуе нядаўняя жыхарка Ўзбэкістану:

“Пра беларускую мову паняцьця ня мае. Называецца гэты працэс — русыфікацыя. Пад выглядам так званага рэфэрэндуму аб двухмоўі фактычна вынішчаецца беларускасьць — аснова нашай супольнасьці. Працэс ужо глыбока зайшоў. Выкладаньне ў школах — на рускай мове. Кіраўнікі гавораць толькі на рускай мове. Мала тых, хто застаецца патрыётам. Калі ты гаворыш па-беларуску, то на цябе як на малпу паглядаюць”.

У Белтэлерадыёкампаніі, якую іншы раз прэзыдэнт Лукашэнка называе школай для журналістаў, працуюць цяпер больш як паўтары тысячы чалавек. Хто зь іх размаўляе ў побыце па-беларуску?

“У суседнім кабінэце працуе Алесь Матафонаў, які заўсёды ў жыцьці і ў эфіры размаўляе толькі па-беларуску. А ці ведаеце Навума Гальпяровіча? Ён таксама гэтага прытрымліваецца”, — паведаміў супрацоўнік аддзелу кадраў кампаніі.

Пра прычыны адмовы як менскіх, так і мясцовых журналістаў ад беларушчыны разважае Генадзь Бураўкін:

“Для ўсяго сьвету гэта ясны паказчык барацьбы дзяржавы з нацыянальнай культурай і нацыянальнай мовай. Зімоўскі, Казіятка, Кісель... Нават калі яны асабіста прымаюць такія рашэньні, то ведаюць, што гэтыя рашэньні будуць падтрыманыя. А некаторыя зь іх можа, і не адчуваюць сябе прадстаўнікамі гэтага народу. Канечне, гэта ня можа не абураць і ня можа, як кажуць, не сьціскаць сэрца”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG